Трэці дзень пілігрымкі распачаўся святой Імшой а 8-ай гадзіне. Эўхарыстыю ўзначаліў айцец Ілля Саўчанка МІС з Оршы. Напрыканцы святой Імшы святар выказаў словы ўдзячнасці пробашчу парафіі ксяндзу Андрэю Куліку і мёрскім парафіянам за гасцінны прыём.
Вядома, што прыём пілігрымаў, прадугледжвае пэўныя дадатковыя клопаты гаспадарам, але гэта не ідзе ў параўнанне з тым, што ты атрымоўваеш у маральным і духоўным плане. Знаёмства з новымі людзьмі і сведчанне іх веры дае стымул для ўласнага духоўнага росту. У гэтым годзе мне пашанцавала прымаць неардынарных і таленавітых людзей: Вольга славіць Пана сваімі цудоўнымі спевамі (дыск з песнямі, аўтарам якіх яна з'яўляецца, папоўніў цяпер маю фанатэку), а Валянціна, праз вырабленых сваімі рукамі анёлкаў, нясе ў свет вялікую праўду веры — Бог ёсць любоў.