WYSIWYG Web Builder
Пілігрымка "Росіца-Будслаў 2026"
26 чэрвеня з Росіцы вырушыла першая пешая пілігрымка з Віцебскай дыяцэзіі да Маці Божай Будслаўскай. Арганізатары васьмідзённай пілігрымкі айцы марыяне, а яе духоўным кіраўніком з'яўляецца айцец Аляксандр Жарнасек МІС з Росіцы. 27 чэрвеня наша парафія прымала пілігрымаў на начлег.
Чаму людзі ідуць у пілігрымку? Напэўна ў кожнага свая нагода. Хтосьці ідзе каб памаліцца ў пэўнай інтэнцыі: папрасіць аб дапамозе або падзякаваць за атрыманыя ласкі; хтосьці, магчыма, каб праверыць свае сілы і даказаць найперш самому сабе, што здольны з падтрымкай Хрыста адмовіцца ад выгод і выйсці з зоны камфорту. Якая б не была асабістая мэта пілігрыма, усе разам яны ідуць, каб праславіць Бога і Яго Маці — Найсвяцейшую Панну Марыю. У сённяшні час кожны вернік мае магчымасць абраць сабе пілігрымку, як кажуць, на любы густ: пешшу або на ровары, самую доўгую ці аднадзённу, моладзевую, сямейную, пакутную ці звычайную.

Шлях пілігрыма няпросты: спякотнае сонца, дождж, вецер, пыл, гарачы асфальт, кіламетры дарог, але гэта не з'яўляецца перашкодай, калі наперадзе ёсць мэта, а па дарозе сустракаеш ветлівых і добразычлівых людзей. Кожны прыпынак — гэта не толькі магчымасць адпачыць і падсілкавацца, але і пазнаёміцца з новымі людзьмі, пачуць цікавыя і павучальныя жыццёвыя гісторыі.

У знак удзячнасці за гасціннасць тых, хто сустракае пілігрымаў, яны дораць спеў падзякі.
Самую доўгую па працягласці і колькасці дзён пілігрымку Віцебскай дыяцэзіі "Росіца-Будслаў" міярчане сустракалі ў суботу вечарам, а раніцай, пасля нядзельнай святой Імшы, развітваліся з пілігрымамі як са сваімі добрымі знаёмымі ці сябрамі. Да пілігрымкі далучыліся таксама і некаторыя нашы парафіяне.

Няхай Божая любоў, як крыніца супакою, дае сілы пілігрымам паспяхова дасягнуць сваёй мэты і духоўна ўзбагаціца падчас шляху, а Пан Бог адорыць неабходнымі ласкамі ўсіх дабрадзеяў, якіх яны сустрэнуць падчас пілігрымавання.


Жанна Закрэўская

28.06.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by