Пілігрымка "Друя-Росіца 2022"
Завяршылася чарговая пешая пілігрымка з Друі ў Росіцу да благаслаўлёных марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. 105 пілігрымаў пад кіраўніцтвам айца Іллі Саўчанкі МІС 5 жніўня паспяхова дасягнулі санктуарыя, прайшоўшы амаль 90 кіламетраў.
Пілігрымка распачалася 3 жніўня святой Імшой у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі. Звяртаючыся да пілігрымаў айцец Вадзім Мізер МІС з Оршы сказаў: "Вітаю вас, росіцкія "наркаманы", — адзначыўшы далей  "Многія з тых, хто аднойчы пабываў у Росіцы, стаў залежным ад яе. Моцная сіла прыцягвае наведваць гэтае месца зноў і зноў. Пешшу, на транспарце... Галоўнае трапіць туды, дзе прыклад сапраўднай веры і любові далі нам благаслаўлёныя айцы марыяне Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч..."

Пасля Імшы і бласлаўлення 90 пілігрымаў вырушылі ў дарогу да першага месца начлегу ў Мёрах. Спевы, малітва, канферэнцыі, разважанні, першая стомленасць... А ў Ідолце ўжо чакаў смачны абед, які падрыхтавалі мясцовыя парафіяне.

Неўзабаве былі і Мёры, дзе гасцінна сустрэлі пілігрымаў.
Другі дзень пілігрымавання распачаўся Імшой а 8-ай гадзіне ў мёрскай святыні. Падзякаваўшы за прыём і начлег, у дарогу вырушыў 101 чалавек. Больш за 35 кіламетраў пераадолелі ў гэты дзень пілігрымы на шляху да Верхнядзвінска. Спякотнае сонца, гарачы асфальт, мазалі і стомленасць не перашкаджалі славіць Бога малітвай і гучнымі спевамі.
Прыпынкі ў дарозе дапамагалі аднавіць сілы, залячыць мазалі, падсілкавацца і папоўніць запасы вады, якую рэгулярна дастаўляў айцец Канстанцін.
Пераадолеўшы больш за палову шляху, пілігрымы трапілі на абед, які падрыхтавалі жыхары вёскі Даўгінава.
Падсілкаваўшыся зноў вырушылі ў дарогу. Наперадзе чакаў Верхнядзвінск, дзе падарожных сустрэў пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Грыцкевіч, які разам з пілігрымамі прайшоў шлях з Мёр да Верхнядзвінска. Звяртаючыся да пілігрымаў, святар пажартаваў: "Упершыню ў жыцці вітаю пілігрымку, у якой ішоў сам".

Трэці і апошні дзень падарожжа выдаўся надзвычай гарачым: ніводнай аблачынкі і спёка ў 30 градусаў. Але ці гэта прычына для адмовы прадоўжыць шлях? Вядома ж не.
Хлебам-соллю сустрэлі і запрасілі на абед пілігрымаў у вёсцы Марозы. Аднавіўшы сілы, у поўнай цішы, разважаючы над мэтай свайго пілігрымавання, пераадолелі апошнія кіламетры да Росіцы.

Са шчырай радасцю ў сэрцы і гучнымі спевамі падышлі да санктуарыя, дзе пілігрымаў сустрэў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Звяртаючыся да прысутных іерарах заўважыў: "Пілігрымка — гэта адзін са спосабаў абвяшчэння Божага Евангелля, таму вялікі дзякуй вам за гэта".

Пілігрымы ўвайшлі ў касцёл і да Бога ўзнеслася самая моцная і шчырая малітва... Не, не гучная, бо ніхто не прамаўляў і вусны былі замкнёныя. Гаварылі сэрцы пілігрымаў, які ўваходзячы лажыліся крыжам перад алтаром на падлогу святыні.
"Дзякуй, Божа, што дапамог дайсці, за дар жыцця, за тое што маю, за ўсё... Прабач, што абразіў грахом і аддаліўся ад цябе..." Гэтымі ці іншымі словамі звярталіся пілігрымы ў сваёй малітве вядомай толькі Богу, а можа і слоў не было, а толькі просьба: "Будзь воля Твая".
Пасля малітвы ў святыні адбылася сустрэча пілігрымаў. Кіраўнік пілігрымкі ксёндз Ілля Саўчанка падсумаваў яе вынікі.

У пілігрымцы прынялі ўдзел 105 чалавек з 19 гарадоў і вёсак Беларусі, сярод іх 15 грэка-католікаў. Найбольш пілігрымаў было з Оршы, Мінска, Віцебска, Глыбокага, Мёраў, Браслава, Полацка. Самы старэйшы пілігрым спадар Барыс з Віцебска, якому 74 гады, а самы маладзейшы — Міша Жаўняровіч з Оршы, які мае ўсяго 7 гадоў. У пілігрымцы прынялі ўдзел чатыры святары. Акрамя кіраўніка пілігрымкі дапамогу ў сакраманце споведзі і іншай святарскай паслузе аказвалі айцы-марыяне Ян Чупрынскі з Жодзіна і Канстанцін Анашка з Мінска, а таксама ксёндз Аляксандар Грыцкевіч з Верхнядзвінска. 

Айцец Ілля Саўчанка МІС падзякваў усім за ўдзел у пілігрымцы, асабліва гітарыстам і тым, хто спяваў падчас падарожжа. Святар выказаў надзею на сустрэчу на наступны год.
Хто ж яны, росіцкія "наркаманы", якія з года ў год кіруюць свой шлях да месца мучаніцтва.

Кіраўнік пілігрымкі айцец Ілля Саўчанка, расказаў, што ходзіць у Росіцу з 12 гадоў. Калі пілігрымак не было, у 2020 годзе ішоў з Оршы ўдвух з Віктарам Жаўняровічам, а ў мінулым годзе з невялікай групай. Кіруе пілігрымкай у Росіцу другі раз.

Віктар Жаўняровіч, які нарадзіўся і вырас у Мёрах, а зараз жыве ў Оршы, ходзіць пешшу ў Росіцу штогод, з самага пачатку пілігрымак. У гэтым годзе з ім разам крочыла ўся сям'я: жонка Ангеліна і тры сыны.
Генадзь Бервячонак з Глыбокага з 2016 года рэгулярна наведвае Росіцу.  У 2021 годзе адзін здзейсніў пілігрымку Барысаў-Росіца, а сёлета ішоў разам з сынам і дачкой. Падчас канферэнцый спадар Генадзь падзяліўся досведам сваёй пілігрымкі на самоце.

Спадар Барыс з Віцебска першы раз пайшоў у пілігрымку з Полацка ў Росіцу ў 2016 годзе і з таго часу стаў "залежным", бо перажыў тады своеасаблівыя ўражанні: "Апошнія кіламетры да Росіцы для мяне былі даволі цяжкімі, але як толькі мы падняліся на ўзгорак і я ўбачыў касцёл, адчуў моцны прыліў сілы. Мне здавалася, быццам я лячу на крылах, дакладней нясуць мяне бласлаўлёныя Юрый і Антоній."

Працягваць можна бясконца, у кожнага пілігрыма свая гісторыя, свой досвед.
Росіца не толькі прыцягвае, яна змяняе чалавека, яго стыль жыцця, узмацняе веру. Яскравым доказам гэтага стала падзея, якая адбылася падчас Імшы для пілігрымаў, якую ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Падчас Эўхарыстыі адбыўся хрост дзіцяці. Адметнасць падзеі не ў тым, што ў Росіцы хрост адбываецца даволі рэдка, а ў яго матывацыі. Маці хлопчыка Мішы Руткевіча — пілігрым з вялікім стажам. Яна шмат гадоў хадзіла пешшу ў Росіцу з Барысава, а затым з Друі, таму для яе было вельмі важным, каб яе сын атрымаў хрост у дарагім яе сэрцу санктуарыі. Дарэчы, хросная маці Мішы прыйшла разам з пілігрымкай "Друя-Росіца".
Пра веру і шлях чалавека да Бога гаварыў у сваёй гаміліі  айцец Ян Чупрынскі МІС.
Завяршылася пілігрымка, але ўражанні і перажыванні атрыманыя падчас яе будуць яшчэ доўга трываць у сэрцах пілігрымаў.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by