І нарэшце вернісаж... 25 мастакоў з усёй Беларусі прадставілі вынікі пленэру. Сярод удзельнікаў і тыя, хто толькі пачынае свой шлях у мастацтве, і знакамітыя мастакі: Алесь Суша, Аляксандар Грышкевіч, Уладзімір Хадаровіч...
Кожны працаваў у блізкім для яго стылі, аднак тэхніка выканання была агульнай — палатно-алей. Тэматыка работ вызначалася разнастайнасцю, усё залежыла ад творчага надхнення мастакоў. Адметнасцю вернісажу стаў арт-праект Сумаравай Кацярыны "Reservuarium". Падчас пленэру мастачка аб'ехала бліжэйшыя рэкі і азёры, дзе ўзяла па некалькі кропель вады для стварэння свайго праекта — рэзервуара з вадой.
Што ж аб'яднала розных па ўзросце, поглядах і стылі пісьма творчых людзей? Як сведчаць самі мастакі, на друйскім пленэры ёсць усе неабходныя ўмовы для творчасці і прафесійнага росту. Асноўная заслуга ў гэтым яго арганізатара ксяндза Сяргея Сурыновіча. Святар, як асоба высокаадукаваная, неардыная і творчая, умее знайсці падыход да кожнага. З ім можна абмеркаваць як духоўныя пытанні, так і рабочыя моманты. Гэта садзейнічае таму, што многія мастакі прыязджаюць на друйскі пленэр не першы год.