WYSIWYG Web Builder
Друя — месца спаткання гісторыі і мастацтва
Пад такой назвай пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі з 2 па 9 жніўня пройдзе чарговы пленэр, які сёлета плануецца правесці ў новым фармаце. Традыцыйны мастацкі пленэр будзе дапоўнены літаратурнымі і гісторыка-краязнаўчымі праектамі.
Праграма пленэру вельмі разнастайная і разлічана на розныя ўзроставыя катэгорыі, таму тэматычныя вечары могуць стаць карысным, займальным і змястоўным адпачынкам для ўсёй сям'і.

Уваход на імпрэзы адкрыты для ўсіх ахвотных, галоўнае мець добры настрой і жаданне прыняць у іх удзел.
Праграма

2 жніўня (нядзеля)

12.00 — святая Імша з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.
14.00 — адкрыццё пленэру.

3 жніўня (панядзелак)

19.00 — Калыханка – гэта мы.

Вядучая
Вольга Шчукіна, сцэнарыст Белтэлерадыёкампаніі.

Беларус беларуса пазнае паўсюль. І не толькі мова, акцэнт, ці знакамітая памяркоўнасць нас выдае. Ёсць асаблівыя “зачэпачкі”: слоўцы, прыказкі, творы, гульні, песні, звычкі, – толькі нашы, з імі мы разам раслі. Адна з такіх – “Калыханка”. Першыя ж акорды яе песенькі – і мы ўжо адчуваем роднасць.

Вы даведаецеся:
– з чаго ўсё пачыналася;
– хто што ствараў;
– калі і як з’явіліся любімыя ўсімі героі;
– як “Калыханка” мянялася праз гады;
– ну і вясёлыя гісторыі са здымачнай пляцоўкі таксама будуць.

А яшчэ мы разам паспрабуем не толькі прыдумаць невялічкі сцэнарны фрагмент  “Калыханкі”, але і інсцэніраваць яго па ўсіх правілах калыханачнай “кухні”.

4 жніўня (аўторак)

19.00 — Дзікі край, але прыгожы.

Аўтарскі праект пісьменніка і краязнаўцы Франца Сіўко, аўтара кніг “Што раньш было” і “Фабрыка Міжрэчча. Ад паперні да вадаспада”, якія маюцца ў бібліятэках Мёрскага раёна і ў электроннай версіі – на сайце Мёрскай бібліятэкі.

Першая частка.
Экскурс у перыпетыі пабудовы ў 1-й палове 1930-х гг. на сутыку трох дзяржаваў (Латвіі, Польшчы, СССР) каталіцкай святыні – капліцы св. Яна Хрысціцеля ў Вяце – помніка народнага дойлідства.

Другая частка.
“Фабрыка Міжрэчча. Ад паперні да вадаспада”. Азнаямленне з гісторыяй і акалічнасцямі бытавання даўнейшага гідратэхнічнага аб’екта рэгіёна – прадпрыемства па вытворчасці дрэўнай масы (пазней – млына, гідраэлектрастанцыі) у фабрычнай асадзе Міжрэчча, рэшта якога сёння вядомая пад назваю Міжрэчанскага вадаспада.

5 жніўня (серада)

19.00 — тэатральная вечарына «Унутры мяне калейдаскоп».

Дзея першая.
Прэзентацыя кнігі “10 пытанняў пра тэатр” пісьменніцы Алены Мальчэўскай і мастака Маі Пейхвасэр.

Вясёлы антракт.

Дзея другая.
Аўтарскае чытанне фрагмента п'есы Алёны Іванюшанка "Тело времени".

6 жніўня (чацвер)

19.00 — літаратурны вечар “Казкі родам з Мілашова”.

Казка першая.
Пісьменніца-казачніца Алена Масла разам з гледачамі-слухачамі здзейсніць вандроўку па свеце сваіх казак і абавязкова раскажа, у якіх яе казках дзеянні адбываюцца на прасторах ад Друі да Мёраў, якія казачныя героі і па сёння жывуць у Мілашове.

Казка другая.
Наталля Бучынская
, пісьменніца-казачніца, родная сястра Алены Масла, працягне гэтую казачную тэму.

Казка трэцяя: мульцікі.
Прагляд мультфільмаў “Лагодны воўк” і “Прыгажун і пачвара”, знятыя на “Беларусьфільме” па казках Алены Масла.

8 жніўня (субота)

17.00 — “Літаратура памежжа: помнікі і асобы”

Першая частка.
Пра Друйскае Евангелле як выдатны беларускі пісьмовы помнік і твор мастацтва распавядзе кнігазнаўца Таццяна Сапега, Ганна Маслякова, рэдактар "Радыё Марыя Беларусь".

Другая частка.
З постацямі пісьменнікаў-землякоў Ільдэфонсам Бобічам (Пётрам Простым) і Рышардам Курыльчыкам пазнаёміць літаратуразнаўца Алена Карп, старэйшы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдыт філалагічных навук.

9 жніўня (нядзеля)

8.00 — святая Імша

9.30 — вернісаж «Друя — месца спаткання гісторыі і мастацтва». Закрыццё пленэру

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by