WYSIWYG Web Builder
Мастаскі пленэр завяршыўся ў Друі
З 17 па 24 жніўня ў Друі прайшоў чарговы мастацкі пленэр. Вынікі сваёй працы мастакі прадэманстравалі падчас выставы, якая была зладжана ў кляштары пры касцёле. Ганаровым госцем імпрэзы стаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў нядзельную Эўхарыстыю і наведаў вернісаж.
У пленэры, які ўжо стаў традыцыйным, прымалі ўдзел мастакі з розных куткоў Беларусі. Маладыя таленты і знакамітыя майстры працавалі поруч, дзелячыся сваім бачаннем свету і ўменнем перадаваць рэчаіснасць. Накіроўваючыся на пленэр, кожны ўдзельнік, а іх у гэтым годзе было 21, ставіў перад сабой свае мэты. Агульным жа стаў творчы пошук.

Штодня мастакі разыходзіліся па мясцовасці, каб знайсці сюжэты для сваіх палотнаў: рака Друйка, касцёл, кляштар, латвійская Педруя...
Павел Хадаровіч, вядомы беларускі мастак станковага жывапісу і пастаянны ўдзельнік друйскіх пленэраў адзначыў, што пленэр у Друі, гэта важная падзея ў яго творчым жыцці. Ён заўсёды з ахвотай прыязджае сюды, бо Друя і ваколіцы багатая на прыгожыя краявіды, помнікі гісторыі і культуры. Тут ён насычаецца энеріяй і жаданнем эксперыменціраваць, а сустрэча з калегамі спрыяе абмену вопытам і творчаму росту.

Войцікава Марыя на пленэры ў Друі была ўпершыю. Гэты час стаў для яе цудоўнай магчымасцю для працы. З пад яе пэндзля за шэсць дзён выйшла адзінаццаць работ, якія ўражваюць рэалістычнасцю і глыбокай прапрацаванасцю.
Работы, якія нарадзіліся падчас пленэру выклікалі цікаваць і захапленне ў наведвальнікаў выставы. Прыцягвалі ўвагу рамантычныя і глыбокія карціны Майі Гейхвасэр (Пракаповіч). Вытанчанасць і крапатлівая праца бруіла з работ маладой мастачкі Канстанцыі Герасіменкі, якая працуе ў тэхніцы сілуэтнай графікі, што больш вядомая як выцінанка.
Кожны аўтар быў па-свойму адметны. Глыбокаму ўспрыманню мастацкага багацця, прадстаўленага на вернісажы, спрыяла жывая класічная музыка. Жыхары Друі і госці мястэчка ў чарговы раз змаглі далучыцца да свету мастацтва, якім шчодра дзяліліся ўдзельнікі пленэру.

Па завяршэнні імпрэзы, мастакі выказалі словы ўдзячнасці біскупу Алегу Буткевічу, за яго прысутнасць на вернісажы, і ксяндзу Вячаславу Адамовічу за дапамогу ў правядзенні пленэру.

Жанна Закрэўская

24.08.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by