Маці Божая Марыя адыграла асаблівую ролю ў гісторыі збаўлення, пра што сведчыць Святое Пісанне і аўтэнтычная хрысціянская традыцыя. Яе пасрэдніцтва мы бачым на вяселлі ў Кане Галілейскай, дзе Яна просіць свайго Сына Езуса дапамагчы маладым у складанай сітуацыі, у якую яны трапілі з-за недахопу віна. Езус не адмаўляе сваёй Маці, хоць яшчэ і не прыйшоў Яго час, каб аб’явіць сябе людзям як Месію (пар. Ян 2, 3–9).
Паміраючы на крыжы, Хрыстус не проста даручае Марыю свайму вучню. Апошнія словы Збаўцы гучаць як Ягоны запавет, у адпаведнасці з якім Марыя становіцца Маці кожнага чалавека. Таму хрысціяне слушна лічаць Марыю сваёй Матуляй, Апякункай, Суцяшальніцай і Заступніцай, якая, як праводная зорка, вядзе сваіх дзяцей праз бурлівае мора жыццёвых выпрабаванняў да надзейнага порту — свайго Сына Езуса Хрыста, адзінага пасрэдніка перад Айцом.
Асаблівая роля Марыі ў гісторыі збаўлення вызначае Яе асаблівае месца ў хрысціянскім жыцці і ў кульце Касцёла, які аддае Марыі пашану як першай сярод усіх святых, вышэйшай за анёлаў.
Здаецца, у зялёным, квітнеючым маі, які называецца таксама «траўнем», прыгажосць прыроды асабліва моцна ўплывае на чалавека і яго эстэтычнае пачуццё. Квецень і водар садоў, птушыныя спевы, пяшчотнае цяпло веснавога сонейка… Май, як ніводзін іншы месяц, найлепш адпавядае хараству Панны Марыі — найпрыгажэйшай Кветкі зямлі.
Нягледзячы на тое, што звычай маёвых набажэнстваў у сваім сучасным выглядзе распаўсюдзіўся адносна нядаўна — з сярэдзіны ХІХ ст., — ягоныя карані сягаюць значна глыбей у гісторыю хрысціянства. Паходжанне гэтага набажэнства выводзіцца з хваласпеваў у гонар Панны Марыі, вядомых на Усходзе з V ст.
Хоць на Захадзе ўжо ў першым тысячагоддзі месяц май пачалі асаблівым чынам звязваць з ушанаваннем Багародзіцы, аднак гэта быў толькі пачатак доўгага шляху развіцця нашай прыгожай традыцыі.