Чатыры алтары сімвалізуюць чатыры бакі свету. З аднаго боку мы публічна аддаём пашану Езусу, укрытаму ў Найсвяцейшым Сакраманце, з іншага – запрашаем Яго таксама ў свой дом, у сваё жыццё. Мы просім аб тым, каб благаславіў нас, каб асвячаў наша жыццё.
У працэсіях, падчас якіх святар выносіць Найсвяцейшую Эўхарыстыю з касцёла, што суправаджаецца ўрачыстымі абрадамі і спевамі, хрысціяне даюць публічнае сведчанне сваёй веры і пабожнасці ў адносінах да Найсвяцейшага Сакраманту.
Гэтая праява супольнага выразу веры ў Бога, прысутнага ў Гостыі, уражвае велічнасцю і хараством: прыгожа аздобленыя алтары, харугвы, абразы, дзеці ў прыгожых строях, якія нядаўна прынялі Першую Камунію. Святар нясе ў манстранцыі Цела Хрыста, перад якім дзяўчынкі сыплюць кветкі і пялёсткі. Людзі ідуць у працэсіі за Хрыстом, сваім адзіным Правадыром, які паказвае шлях з часовага да вечнага жыцця.
Урачыстае святкаванне Божага Цела яшчэ раз нагадвае праўду пра тое, што найпрыгажэйшая і найбольш годная манстранцыя для Хрыста — гэта жывое сэрца чалавека, а найпрыгажэйшая працэсія — гэта набліжэнне да Яго, кульмінацыяй якога становіцца сустрэча са Збаўцам у святой Камуніі.