Усіх прысутных на пачатку святой Імшы прывітаў біскуп Алег Буткевіч. Іерарх адзначыў, што сёння мы перажываем вялікую радасць і дзякуем Пану за гэты дзень, за дар паклікання кандыдатаў, якія ўвойдуць у прэзбітэрат Віцебскай дыяцэзіі.
Падчас гаміліі Яго Эксцэленцыя засяродзіў увагу на тым, чым з'яўляецца святарства. Іерарх падкрэсліў, што святарства — гэта праслаўленне Бога. Езус выбірае тых, хто будзе сведкам Яго ўваскрашэння; тых, хто будзе смела абвяшчаць Божае Слова; тых, хто будзе здзяйсняць святую Ахвяру на алтары; тых, хто стане alter Christus — «другім Хрыстом». Завяршаючы гамілію біскуп Алег пажадаў кандыдатам годна несці сваё прэзбітэрскае служэнне.
Далей Літургію працягнуў абрад пасвячэння. Уклаўшы свае рукі ў рукі біскупа, кандыдаты склалі прысягу паслухмянасці ардынарыю Віцебскай дыяцэзіі.