Пасля Эўхарыстыі ксёндз Антоній Тышко ўдзяліў адмысловае прыміцыйнае бласлаўленне, якое нясе вялікую духоўную моц. Святар ускладаў свае рукі на галовы вернікаў, якія падыходзілі да яго. Засяроджаннасць, пабожнасць, слёзы радасці — усё гэта можна было ўбачыць на тварах тых, хто прымаў бласлаўленне. Асобныя вернікі імкнуліся ўшанаваць рукі маладога святара пацалункам — гэта старадаўні жэст народнай пабожнасці. Ён грунтуецца не на ўшанаванні асобы канкрэтнага святара, а на ўшанаванні яго святарскіх рук, якія падчас Эўхарыстыі трымаюць Цела Хрыста.
На памяць аб прыміцыйнай Імшы прысутныя атрымалі невялічкія памятныя абразкі са словамі бласлаўлення і просьбай аб малітве. Менавіта малітва з'яўляеццай найбольшай формай удзячнасці і падтрымкі для святара. Памятаючы аб гэтым, пастараемся часцей маліцца аб новых пакліканнях, аб тым, каб нашыя святары годна неслі сваё служэнне і мы, дзякуючы іх паслузе, змаглі сустрэцца з імі ў нябесным валадарстве.
Жанна Закрэўская
10.05.2026