У Каталіцкім Касцёле няма афіцыйных прадпісанняў, як неабходна паводзіць сябе ў храме ці на набажэнствах іншай канфесіі. Тым не менш, мы павінны прытрымлівацца пэўных нормаў, каб не абразіць прадстаўнікоў іншага веравызнання і захаваць сваю годнасць верніка, які належыць да рыма-каталіцкага касцёла.
Каб адказаць на пастаўленае вышэй пытанне, трэба ўлічваць два моманты. Па-першае, гэта выкананне патрабаванняў знешняга характару. Так у праваслаўнай царкве жанчына павінна прыходзіць у храм з пакрытай галавой і ў спадніцы. Таму, калі каталічка ведае, хто накіруецца ў праваслаўную святыню (напрыклад: на пахавальную літургію), варта загадзя паклапаціцца аб адпаведным адзенні, каб не абразіць прысутных сваім знешнім выглядам.
Па-другое, гэта духоўны бок, які звязаны з рознымі традыцыямі і формамі малітвы. Так каталікі і праваслаўныя па-рознаму ўдзяляюць знак крыжа, у праваслаўнай царкве пры малітве практыкуюцца паклоны і частае ўдзяленне знака крыжа і г.д. Прысутнічаючы на малітоўных набажэнствах у праваслаўнай царкве, мы не заўсёды дакладна разумеем, што адбываецца, таму не варта бяздумна паўтараць паклоны і паспешліва ўдзяляць знак крыжа, капіруючы іншых, бо гэтым мы толькі абражаем праваслаўных вернікаў і губляем сваю ідэнтычнасць як католікі.
Што ж тады рабіць? Не трэба саромецца ўдзяліць знак крыжа па-каталіцку напачатку і напрыканцы малітвы, ціха прамаўляць словы малітвы "Ойча наш..." ці "Вітай Марыя...", зноў жа па-каталіцку, калі яе прамаўляюць праваслаўныя. Вядома, што не варта наўмысна выпячваць сваю форму малітвы і, у той жа час, хаваць сваю прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла. Знайсці залатую сярэдзіну няпроста, аднак пры Божай падтрымцы ўсё магчыма.
У артыкуле пададзена ўласная пазіцыя святара, якая з'яўляецца выключна пастырскай парадай.
Калі ў вас ёсць пытанні да святароў, адказы на якія вы хацелі б убачыць на нашым сайце, дасылайце іх на электронную пошту kascelmery@gmail.com або звяртаецеся ў сакрысцію.