Рараты цудоўная магчымасць распачаць дзень з Панам Богам
Распачаўся Адвэнт, таму традыцыйна кожны панядзелак, сераду і пятніцу а 7-ай гадзіне ў нашай святыні адбываюцца Рараты адмысловыя святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас Раратняй святой Імшы мы не проста ўзгадваем Марыю, але дзякуем Ёй за тое, што Яна згадзілася стаць Маці Езуса Хрыста.
Распачынаючы святую Імшу ў паўзмроку, з запаленымі свечкамі ў руках, мы просім, каб Марыя дапамагла нам жыць паводле свайго прыкладу і добра падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння. Рараты — цудоўная магчымасць распачаць свой дзень з Панам Богам. Аб гэтым гаварыў у сваёй гаміліі на першай раратняй Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік. Ён заахвоціў вернікаў да плёнага перажывання Адвэнту як праз рэлігійныя практыкі, так і ўчынкі міласэрнасці. Святар адзначыў: "Мы пачалі свой дзень правільна — з сустрэчы з Панам Богам, але выходзячы са святыні хочам быць з Ім і далей. Сёння мы сустрэнем розных людзей: магчыма тых, хто не ведае пра Рараты і далёкі ад Бога, або засмучаны ці раздражнёны. Пастараемся праз свае словы і ўчынкі несці ім Хрыста, дзяліцца радасцю ад чакання Нараджэння Збаўцы." 
Дзеці, якія рэгулярна будуць удзельнічаюць у Раратах, маюць магчымасць сабраць гульню-самаклейку.  Пасля святой Імшы яны атрымалі аснову для гульні.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by