Рараты — чакаем Збаўцу разам з Марыяй
Распачаўся Адвэнт — час радаснага чакання прыйсця Хрыста, калі асабліва важным становіцца чуванне, унутраная падрыхтоўка, гатоўнасць сустрэць Збаўцу. Годна падрыхтавацца да Божага Нараджэння дапамагае ўдзел у Раратах.
Рараты — гэта ватыўная святая Імша на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі ў перыяд Адвэнту. Ватыўная Імша азначае, што яна цэлебруецца з выкарыстаннем асаблівых малітваў і літургічнага адзення, адрозных ад прадпісаных на гэты дзень. Гэта дазваляецца рабіць з важнай нагоды або дзеля пабожнасці вернікаў.

На Раратнай святой Імшы ўжываюцца малітвы на ўшанаванне Маці Божай, літургічнае адзенне белага колеру, запальваецца вялікая белая свечка — Раратка, а таксама спяваецца гімн «Хвала на вышынях Богу», паколькі гэтая цэлебрацыя носіць урачысты характар. Гэтая Імша традыцыйна цэлебруецца вельмі рана на світанні.

У нашай парафіі першыя ў гэтым годзе Рараты адбыліся ў панядзелак 2 снежня а 7-ай гадзіне. Традыцыйная Імша распачалася пры выключаным святле. Дзеці, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, чакалі літургічную службу і святароў у канцы касцёла, а потым разам з урачыстай працэсіяй накіраваліся да алтара на супольную Эўхарыстыю.
У нядзелю, распачынаючы Адвэнт, нашы святары заклікалі вернікаў да асэнсаванай і пабожнай падрыхтоўкі да свята Божага Нараджння.

Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падкрэсліў, што Адвэнт рыхтуе нас да чарговага перажывання вялікай таямніцы і праўды нашай веры аб тым, што "Слова сталася целам і пасялілася між намі" (Ян 1,14). Святар заклікаў не паддавацца ляноце і не марнаваць час, а зрабіць пастановы на Адвэнт, каб ісці наперад у сваім духоўным развіцці, дапамагаць нашым бліжнім, працаваць на карысць Касцёлу і на Хвалу Божую.

Ксёндз Алег Зямчонак заахвоціў дзяцей да ўдзелу ў Раратах і прапанаваў ім прадоўжыць традыцыю  вандруючыя фігуркі. Гэты звычай заснаваны на прыняцці да наступных Раратаў у свае дамы фігуркі Дзіцяткі Езуса, Маці Божай ці анёлка. У чыю сям'ю накіруецца адна з фігурак вызначацца з дапамогай лёсаў. Дзецям неабходна прыносіць на кожную раратнюю Імшу зорачкі, з указаннем прозвішча і імя дзіцяці, а таксама добрых ўчынкаў, якія яны зрабілі пасля апошніх Раратаў. Напрыканцы Імшы святар будзе выцягваць пяць зорачак і вызначаць каму трапіў шчаслівы лёс.

Прымаючы фігурку Езуса, Маці Божай ці анёлка ў свае дамы, уся сям’я асаблівым чынам іх ушаноўвае праз супольную малітву, спяваючы адвэнтавыя песні, чытаючы Святое Пісанне. Такая форма перажывання Адвэнту дае вельмі многа магчымасцей увядзення ў сям’ю духа малітвы і адвэнтавага настрою.

Нагадваем, што раратныя Імшы
ў нашай святыні цэлебруюцца кожны панядзелак, сераду і пятніцу а 7-ай гадзіне.

Жанна Закрэўская
02.12.2024
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by