Традыцыйна Рараты адбываюцца перад усходам сонца. У касцёле пагашана святло, толькі гараць свечкі і раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі, асвятляючы змрок ідучы з дому ў святыню. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае нам пра неабходнасць збірання на працягу ўсяго Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца.
Падчас гэтай Імшы запальваюць дадатковую свечку, якая называецца раратняй і з’яўляецца сімвалам Апякункі перадкаляднага чакання — Марыі. Найсвяцейшая Дзева з’яўляецца не толькі Апякункай чакання, але перш за ўсё яго прыкладам. Раратка — сімвал Марыі, якая сярод змроку граху нясе свету Хрыста, праўдзівае Святло.
Першыя ў гэтым годзе Рараты ў нашай парафіі адбыліся ў панядзелак 1 снежня а 7-ай гадзіне. Традыцыйная Імша распачалася пры выключаным святле. Дзеці з ліхтарамі ў руках у літургічнай працэсі прайшлі праз касцёл да алтара, каб прыняць удзел у супольнай Эўхарыстыі.