WYSIWYG Web Builder
Адкрыць сэрца Пану
З 30 сакавіка па 1 красавіка ў нашай парафіі адбыліся велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў айцец Анджэй Ядкоўскі CSsR, пробашч парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка). Падчас духоўных разважанняў святар заахвоціў адкрыць сэрцы Пану, каб Ён дапамог нам стаць шчаслівымі.
У першы дзень, распачынаючы духоўныя разважанні, айцец Анджэй падкрэсліў, што рэкалекцыі — гэта асаблівы час, калі мы запавольваем свой тэмп, каб пачуць Божае Слова, знайсці час на малітву, падумаць над тым, які я чалавек? Ці ёсць ў маім сэрцы вера, супакой і радасць жыцця?

Кожны чалавек хоча быць шчаслівым. Пан Бог зрабіў усё, каб так сталася. Ён стаў чалавекам, узяў крыж і аддаў сваё жыццё, каб кожны з нас меў дарогу да неба. У Евангеллі паводле Яна чытаем: "Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае" (Ян 3, 16). Варта задумацца: "Ці ў маім сэрцы ёсць вера? Ці імкнуся, каб мая вера была моцнай? Ці гатовы я да сустрэчы з Панам?".

Сёння Бог дае нам вялікі шанец годна падрыхтавацца да сустрэчы з Ім праз Вялікі пост і рэкалекцыі. Бог, як айцец у прыпавесці пра марнатраўнага сына, выбягае кожнаму з нас насустрач, каб прыняць у абдымкі сваёй бясконцай міласэрнасці. Толькі ад нас залежыць, ці знойдзем мы час на рэкалекцыі, каб адкрыць сэрца Богу і перамяніць сябе.

Час рэкалекцый не будзе ніколі часам змарнаваным, бо мы ўзбагачаемся духоўна. А яшчэ гэта час, каб не толькі паглядзець на сябе, і сваё сэрца, але і пачаць змяняць сябе.

Важным момантам рэкалекцый з'яўляецца добрая споведзь. Рыхтуючыся да сакраманту пакаяння, варта задаць сабе пытанне: ці споведзь мяне змяняе? А можа 20-30 гадоў я спавядаюся з адных і тых жа грахоў? Памятаем пра ўмовы добрай споведзі: рахунак сумлення (ці праводзім рэвізію свайго сэрца, думак і ўчынкаў?); жаль за грахі (ці мы пра іх шкадуем?); цвёрдая пастанова выправіцца (ці сапраўды я хачу перамяніцца на лепшае?); шчырая споведзь (ці не ўтойваю наўмысна грахі?); выкананне прызначанай пакуты (ці выпраўляю перад Богам і бліжнім учыненую крыўду?).
Каб годна падрыхтавацца да споведзі і плённа перажыць рэкалекцыі, айцец Анджэй заахвоціў звяртацца за духоўнай падтрымкай да святога Герарда Майелы (Gerard Maiella), апекуна добрай споведзі, а таксама маці, якія знаходзяцца ў бласлаўлённым стане (чакаюць дзіця). Святар заахвоціў да малітвы праз заступніцтва св.Герарда.

У другі дзень рэкалекцый ахвотныя мелі магчымасць прыступіць да сакраманту пакаяння. Паслугу ў канфесіянале аказвалі чатыры святары.
Падчас душпастырскай навукі айцец Анджэй заахвоціў задумацца над тым, якія словы выходзяць з нашых вуснаў. Святар падрэсліў, што словы вяртаюцца да нас бумерангам з больш моцнай сілай. Калі з нашых вуснаў выходзяць словы бласлаўлення, малітвы за іншага чалавека, то яны вернуцца да нас Божым бласлаўленнем. І наадварот, калі мы вымаўляем словы праклёну ці з нашых вуснаў злятаюць брыдкія словы, то да нас вернецца тое ж самае. Брыдкаслоўе — гэта грэх, з якога таксама трэба спавядацца. Ён не дае нам спакою і разбурае нас, хоць мы часам і не ўсведамляем гэта ў поўнай меры. За кожнае прамоўленае слова мы адкажам перад Панам Богам.

Мы часам гаворым словы, якія балюча раняць іншых людзей, абмаўляем і абгаворваем, прыніжаючы годнасць другога чалавека. Шмат людзей церпяць боль з-за несправядліва сапсаванай рэпутацыі і надуманых абгавораў. Абмаўляючы і асуджаючы іншага чалавека мы як бы падымаем сябе на больш высокую прыступку і хочам быць роўнымі Богу. З-за сваёй пыхі, мы лічам сябе вартымі асуджаць і ацэньваць паводзіны іншага чалавека, тым самым закрываем сваё сэрца на дзеянне Духа Святога.

У сваім жыцці мы часта бываем незадаволеныя тым, што адбываецца навокал і наракаем на іншых людзей, на жыццёвыя абставіны і сітуацыі. Той чалавек, які пастаянна наракае, якому ўсё кепска, не бачыць дабра ў сваім жыцці. Такі чалавек вельмі хутка ўпадае ў духоўную дыпрэсію, бо бачыць толькі праблемы і негатыў. Калі чалавек носіць у сабе боль і крыўду, то ў яго сэрцы няма спакою і радасці.

"Неабходна рэгулярна рабіць рахунак сумлення з таго, якія словы выходзяць з маіх вуснаў і як я іх ужываю. Трэба рабіць гэта як мага часцей, бо гэта дапаможа зразумець: наколькі маё сэрца чыстае або параненае. Ачысціць сваё сэрца мы можам толькі з дапамогай Бога Жывога, які прыходзіць, каб вылечыць нас і даць сапраўднае шчасце"
— падсумаваў прамоўца.
Пасля Імшы адбылася сустрэча для моладзі, падчас якой айцец Анджэй распавёў пра жыццё св. Герарда. Святар падкрэсліў, што на прыклад святога мы павінны рэалізоўваць у сваім жыцці дзве рэчы: давяраць Богу і імкнуцца быць святымі. Кожны дзень неабходна прасіць Пана, каб Ён дапамог нам быць мудрымі, вучыў развіваць і годна выкарыстоўваць свае таленты. Калі чалавек жадае быць святым і просіць аб гэтым Бога, то яго сэрца адкрываецца на Божую любоў і Божую сілу. Галоўнае паверыць, што Пан любіць цябе і хоча каб ты быў шчаслівы.

Напрыканцы сустрэчы айцец Анджэй запрасіў моладзь нашай парафіі прыняць удзел у Агульнабеларускіх днях моладзі, якія пройдуць у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) у чэрвені гэтага года.

Завяршылася спатканне супольнай малітвай да Маці Божай, пасля якой айцец Анджэй удзяліў прысутным бласлаўленне  рэліквіямі св.Герарда.
У апошні дзень рэкалекцый айцец Анджэй падкрэсліў, што ў дарозе да сапраўднага шчасця істотнае значэнне мае чыстае сэрца. Самі мы не зможам дасягнуць святасці, бо слабыя і, паддаючыся спакусе, зноў вяртаемся да сваіх грахоў. Таму неабходна больш давяраць Пану Богу і рэгулярна ачышчасць сваё сэрца праз пасрэдніцтва святара ў сакраманце пакаяння.

Прапанаваўшы для разважання фрагмент Евангелля пра дарогу вучняў у Эмаўс (Лк. 24, 13-32), айцец Анджэй заўважыў, што дарога вучняў нагадвае дарогу кожнага з нас. Вучні, якія былі з Езусам тры гады не спазналі Яго, а прыдумалі такім, якім сабе захацелі. Таму былі ў смутку, не верылі ў Змёртвыхпаўстанне і яшчэ не прынялі Езуса як Бога. І толькі ў мамант ламання хлеба іх вочы адкрыліся, а сэрца запалала агнём.

Так здараецца і ў нашым жыцці. Бог прабачае нас праз сакрамант споведзі, дае Сябе ў святой Камуніі, а мы часам прыдумваем сабе свайго Бога і калі нешта адбываецца не па-нашаму, адыходзім ад Касцёла, перастаём маліцца і становімся поўнымі смутку.

Толькі калі мы з адкрытым сэрцам прымаем Бога Жывога, тады адчуваем, як наша сэрца палае і напаўняецца надзеяй і любоўю. Езус з'яўляецца крыніцай жывой вады і заўсёды чакае нас ў табернакулюме. Важна як мага часцей прыходзіць да Яго і ў цішы адараваць Найсвяцейшы Сакрамант. У такі момант Бог перамяняе нас, бо бачыць адкрытае сэрца, якое прагне аздараўленне. Толькі ад нас залежыць, ці хочам мы скарыстацца гэтай вялікай ласкай
— быць аздароўленымі і стаць па-сапраўднаму шчаслівымі.
Напрыканцы Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці айцу Анджэю Ядкоўскаму CSsR словы ўдзячнасці за правядзенне рэкалекцый і душпастырскую навуку. У сваю чаргу айцец Анджэй падзякаваў мёрскай парафіі за гасцінны прыём і ўдзел у рэкалекцыях.

Пасля Эўхарыстыі ўсе ахвотныя мелі магчымасць атрымаць бласлаўленне рэліквіямі св.Герарда.

Жанна Закрэўская
30.03-01.04.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by