Крыніца жывой вады
З 12 па 14 сакавіка ў нашай парафіі прайшлі Вялікапосныя рэкалекцыі, якія правёў айцец Анджэй Ядкоўскі CSsR з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка). Падчас душпастырскай навукі святар звярнуў ўвагу вернікаў на тое, як важна адкінуць уласную пыху, каб наблізіцца і чэрпаць з крыніцы жывой вады.
У першы дзень рэкалекцый, разважаючы над словамі Евангелля паводле Яна (Ян 4, 5–15. 19b–26. 39а. 40–42), а.Анджэй заахвоціў задумацца над тым, што нам замінае наблізіцца да крыніцы жывой вады, якой з'яўляецца Езус Хрыстус. Святар адзначыў, што асноўнай прычынай, якая аддаляе нас ад Пана, з'яўляецца наша пыха (гардыня). Пыха — адзін з галоўных грахоў, які перашкаджае нам будаваць адносіны ў грамадстве, на працы, у сям'і і нават з Богам.

"<…>Каб дасягнуць сапраўднай крыніцы жыцця, варта затрымацца на сваім жыццёвым шляху і перад Езусам стаць у праўдзе: "Ці сапраўды я хачу, каб у маім сэрцы была Твая жывая вада? Наколькі я хачу шчыра спавядацца ў канфесіянале і з чыстым сэрцам падыходзіць да алтара Пана, каб прыняць святую Камунію? Наколькі я дазваляю, каб Дух Святы, Езус Хрыстус у святой Камуніі перамяніў мяне?"
<…> Пан Бог дае нам сёння шанец на навяртанне. Неабходна адкінуць сваю пыху, даверыць яе Пану Богу падчас сакраманту споведзі, каб быць адкрытым на малітву, святую Імшу, на прыняцце жывой вады, якая зменіць нашае сэрца і нашае жыццё" —  падкрэсліў святар.

Пасля святой Імшы а 18-ай гадзіне адбылося спатканне для моладзі, падчас якога айцец-рэдэмптарыст Анджэй Ядкоўскі  звярнуў увагу маладых людзей на важны момант жыцця нясенне крыжа. Святар заўважыў: "У жыцці кожнага чалавека бываюць розныя сітуацыі: калі ўсё добра і калі здараюцца нейкія цяжкасці і праблемы. Важна не спрабаваць у такі момант скінуць свой крыж, бо ён з'яўляецца паратункам. <…>Несці свой крыж гэта значыць даверыць усе свае цяжкасці Пану Богу. Каб годна несці крыж, неабходна мець моцную веру, аднак не трэба хаваць яе ў сабе, бо вера без учынкаў мёртвая."
"Паглыбляйце і развівайце сваю веру, дзяліцеся з іншымі. Не саромейцеся вызнаваць сваю веру сярод сяброў і знаёмых. Прасіце Пана Бога, каб Ён даў вам моцную веру і сілы несці крыж" — заклікаў моладзь святар.

У другі дзень рэкалекцый адбылося спатканне для дзяцей, падчас якога а.Анджэй асаблівую ўвагу звярнуў на важнасць штодзённай малітвы і нядзельнай святой Імшы.

Душпастырская навука для дарослых была прысвечана таму, што набліжае нас да крыніцы жывой вады. Святар адзначыў, што каб адкінуць пыху і зрабіць нашае сэрца вольным, патрэбна моцная вера. Узрастаць у веры мы павінны пачаць з чыстым сэрцам, таму вельмі важна прыступіць да сакраманту споведзі.
"Той чалавек, які мае моцную веру, інакш перажывае ўсе праблемы і цяжкасці. Чалавек моцнай веры адчувае бяспеку, бо ён ведае, што Бог з ім, у яго сэрцы. Сапраўдная вера дае надзею... Надзею на тое, што я не адзін і Пан Бог крочыць разам са мной, што Ён падрыхтаваў для мяне месца ў небе.

<…> Неабходна імкнуцца ўмацоўваць сваю веру праз малітву, каб рэлігійныя практыкі сталі для нас не абавязкам, а прагненнем сэрца, жаданнем наталіцца з крыніцы жывой вады"
— адзначыў а.Анджэй.

У апошні дзень рэкалекцый душпастырская навука была прысвечана тэме "Прабачэння". Праз параўнанне біблійных вобразаў Старога і Новага Запавету: Галіяфа і Давіда, Пілата і Езуса, святар паказаў, як чалавечая пыха перашкаджае наблізіцца да Бога. Пыха — адна з асноўных прычын, якая недазваляе чалавеку прабачаць.
"У жыцці часам бывае так, што чалавек з-за нанесенай крыўды гадамі не можа прабачыць іншага чалавека. Здараецца таксама, калі чалавек не можа прабачыць самога сябе за нейкі ўчынены грэх або здзейсненую памылку. Такі стан душы разбурае чалавека і аддаляе яго ад Бога, таму неабходна імкнуцца прабачаць. Там, дзе здаецца немагчыма прабачыць у чалавечым вымярэнні, усё магчыма з Богам — крыніцай жывой вады. Калі не маем сілы прабачыць сабе або іншым, трэба маліцца аб дары прабачэння."

"<…>  Майце моцную веру, нястомна маліцеся, прабачайце адзін аднаму, каб з чыстым сэрцам прыходзіць і чэрпаць з крыніцы жывой вады" 
— пажадаў святар.

Пасля Імшы парафіяне выказалі словы ўдзячнасці а.Анджэю Ядкоўскаму CSsR за глыбокія і змястоўныя разважанні і душпастырскую навуку. Завяршыліся рэкалекцыі бласлаўленнем вернікаў місійным крыжам з поўным адпустам.

Жанна Закрэўская
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by