"Ідзі і адгэтуль больш не грашы..."
Завяршыліся велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў айцец-рэдэмптарыст Анджэй Ядкоўскі з Гродна. У сваіх штодзённых разважаннях святар заахвочваў вернікаў да асэнсавання ўласнага жыцця ў кантэксце Божых запаведзяў. У першы дзень рэкалекцый святар нагадаў пра важнасць малітвы, удзелу ў велікапосных набажэнствах, грунтоўнай падрыхтоўкі да сакраманту споведзі.
У другі дзень разважалі над адным з галоўных грахоў, які называецца пыха. "...Пыха - гэта грэх, які вядзе да з'яўлення многіх іншых грахоў. Пыха - гэта не толькі ганарыстаць, але і наша нежаданне прабачыць іншым. Мы часам не хочам першымі прасіць прабачэння, не ўмеем дзякаваць нашым бліжнім, не толькі за тое, што яны нешта зрабілі, але проста так... Вучыцеся прабачаць і дзякаваць сваім бліжнім і вы хутка заўважыце, што свет вакол вас стаў намнога лепшы..."
Пасля вячэрняй святой Імшы адбылася сустрэча айца-рэкалекцыяніста з моладдзю, падчас якой была ўзнята праблема жыццёвага выбару. Маладыя людзі змаглі не толькі выказаць свае меркаванні па праблеме, але і задаць хвалюючыя іх пытанні святару.
У трэці дзень айцец Анджэй звярнуў ўвагу вернікаў на важнасці даверу да Пана Бога. Абапіраючыся на словы Евангелля паводле святога Яна "...Бо калі не паверыце, што Я ёсць, памрэце ў грахах вашых...", святар на прыкладзе святога Юзафа паказаў, як важна ў кожнай справе давяраць Богу. "Мы часам спавядаемся з адных і тых жа грахоў, адыходзім ад канфесіянала і зноў грашым. Звыкаемся з грахом, лічым, што нічога не можама зрабіць, часам паддаёмся роспачы.... Але трэба не спадзявацца на свае сілы, але давяраць Пану Богу. Прасіць яго аб дапамозе, каб унікаць граху..."
Апошні дзень рэкалекцый быў прысвечаны Панне Марыі. Напачатку айцец Анджэй расказаў пра гісторыю абраза "Маці Нястомнай Дапамогі", а затым заахвоціў прысутных даверыцца Маці Божай. "...Езус даў нам сваю Маці, каб мы праз яе заступніцтва прыйшлі да Яго. Даверце свае клопаты і праблемы Марыі. Яна ніколі не пакіне таго, хто прыходзіць да яе ў пакоры ..."