WYSIWYG Web Builder
У Гродзенскай семінарыі прайшлі рэкалекцыі для міністрантаў
З 27 па 29 сакавіка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для юнакоў на тэму распазнання свайго паклікання. У рэкалекцыях, якія сталі ўжо традыцыйнымі, прынялі ўдзел таксама і нашы міністранты: Уладыслаў Дзівін, Раман Чарняўскі і Яраслаў Быкаў.
Дарога на рэкалекцыі ў Гродна стала сапраўднай пілігрымкай, падчас якой юнакі мелі магчымасць пазнаёміцца з рознымі святынямі Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ўзбагаціць свой духоўны вопыт. Разам з дыяканам Антонам Тышко, які з'яўляўся духоўным кіраўніком групы, міністранты па дарозе наведалі касцёл Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках — помнік сармацкага барока Вялікага Княства Літоўскага, пазнаёміліся з яго ўнутраным інтэр'ерам і дэкаратыўным убраннем.

Наступным месцам прыпынку сталі Ашмяны, дзе касцёл таксама мае тытул Святога Міхала Арханёла. Міні-экскурсію па святыні правёў вікарый парафіі ксёндз Раман Вайцяховіч. Далей была Ліда — горад, у якім дзейнічае некалькі касцёлаў. З-за абмежавання часу, юнакі наведалі толькі касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Пра гісторыю святыні, а таксама цікавыя звесткі з жыцця парафіі распавёў дыякан Марцін Лудзіч, які зараз нясе ў ёй душпастырскую паслугу.
Пад вечар юнакі нарэшце прыбылі ў Гродзенскую семінарыю — месца правядзення рэкалекцый.

Сустрэча, на якую сабралася больш за 50 міністрантаў з Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій, распачалася са святой Імшы і канферэнцыі, якую правёў ксёндз Павел Скуба, адказны за рэкалекцыі. Пасля размяшчэння ўдзельнікаў спаткання ў будынку семінарыі і вырашэння арганізацыйных пытанняў, юнакі зноў сабраліся на супольную малітву.

Вечар пятніцы завяршыўся Адарацыяй Крыжа, на якой юнакі засяродзіліся на Цярпеннях Хрыста, а таксама разважалі пра сваё ўласнае перажыванне Вялікага Посту і Вялікага Тыдня.
Другі дзень рэкалекцый распачаўся з малітвы Ютрані і разважання ў семінарыйнай капліцы. Пасля снядання юнакі асобнымі групамі накіраваліся на экскурсію па касцёлах Гродна. Міністрантаў суправаджалі адказныя клерыкі, якія падчас экскурсіі праводзілі катэхезы для юнакоў і дзяліліся досведам свайго паклікання.

Пасля абеду міністранты зноў сабраліся ў семінарыйнай капліцы, каб разам памаліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці. Затым адбылася сустрэча-дыялог, госцем якой стаў Гродзенскі біскуп Уладзімір Гуляй. Падчас спаткання іерарх распавёй пра сваё пакліканне і сваё служэнне. У ходзе гутаркі юнакі мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні біскупу.
Вечарам юнакі прынялі ўдзел у святой Імшы ў Гродзенскай катэдры Святога Францішка Ксавэрыя, якую цэлебраваў біскуп Уладзімір. Пасля Эўхарыстыі адбыўся Крыжовы шлях па вуліцах Гродна. Набажэнства, у якім узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек з парафій горада і наваколля, пакінула незабыўныя ўражанні ў сэрцы нашых міністрантаў.
Трэці дзень рэкалекцый распачаўся супольнай малітвай і разважаннем над Божым Словам. Пасля снядання ксёндз Павел Скуба падвеў вынікі рэкалекцый, а таксама падзякаваў усім юнакам за ўдзел.

Завяршылася спатканне ўдзелам у святой Імшы. Эўхарыстыю ў катэдры ў Пальмовую нядзелю цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. На Імшы прысутнічала вялікая колькасць вернікаў – усе нават не змясціліся ў катэдры.
Доўгая дарога дадому дала магчымасць падсумаваць вынікі рэкалекцый. Нашы міністранты атрымалі незабыўны і глыбокі вопыт рэкалекцый. Юнакам было цікава пазнаёміцца з навучальнай установай, якая рыхтуе святараў, даведацца пра жыццё семінарыі з вуснаў яе студэнтаў, адчуць адкрытасць і добразычлівасць выкладчыкаў семінарыі. Незабыўнае ўражанне пакінула сустрэча з біскупам Уладзімірам Гуляем, шчырым і адкрытым іерархам, які ўмее знасці падыход да кожнага. Супольная Эўхарыстыя, Крыжовая дарога па вуліцах горада, малітоўныя практыкі, досвед семінарыстаў і выкладчыкаў далі магчымасць паразважаць хлопцам над сваім пакліканнем і задумацца над пытаннем: “Да чаго мяне кліча Бог?”.

Дыякан Антон Тышко

30.03.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by