Дух Святы сыдзі...
21 сакавіка ў нашай парафіі распачаліся велікапосныя рэкалекцыі.  Перад гаміліяй айцец-рэдэмптарыст Анджэй Ядкоўскі запрасіў вернікаў да супольнай малітвы да Духа Святога, каб рэкалекцыйнае казанне знайшло свой водгук у кожным сэрцы. Напачатку гаміліі святар звярнуў увагу вернікаў на абраз "Маці Божай Нястомнай Дапамогі", які стане цэнтральным месцам рэкалекцыйных разважанняў.

У сваёй гаміліі айцец Анджэй спыніўся на важнасці асэнсаванай падрыхтоўкі да святкавання Уваскрасення Пана. "... Наша малітва, удзел у велікапосных набажэнствах (Дарозе Крыжовай, песнях жальбы), пастановы - гэта крокі, якія набліжаюць нас да Хрыста.  Важным крокам з'яўляецца таксама грунтоўная падрыхтоўка да сакраманту споведзі. Падчас рахунку сумлення мы павінны прааналізаваць свае ўчынкі паводле Божых запаведзяў і не дапускаць кампрамісу са злом...

...Варта таксама задумацца: на якім месцы ў нашым жыцці знаходзіцца Пан Бог?  Ці на першым?  Ці клопаты жыцця не перашкаджаюць нам прыйсці на сустрэчу з Хрыстом?..."

Напрыканцы казання святар заахвоціў вернікаў знайсці час для ўдзелу ў рэкалекцыях, каб падрыхтоўка да свята Пасхі была свядомай і прынесла духоўны плён.

Нагадваем вернікам, што згодна з Апостальскай Пенітэнцыярыяй ад 29 чэрвеня 1969 г. за ўдзел у рэкалекцыях, якія доўжацца не менш 3-х дзён можна атрымаць поўны адпуст.

Кананічнае права Каталіцкага Касцёла вызначае адпуст як «адпушчэнне перад Богам часовага пакарання за грахі, ужо адпушчаныя ў тым, што датычыцца віны, які вернік атрымлівае на дакладна ўсталяваных умовах праз дзеянне Касцёла». Што гэта азначае? Падчас споведзі святар адпускае чалавеку віну, але наступствы граху застаюцца. Атрымаць адпуст — гэта значыць ліквідаваць наступствы граху.

Усталёўваць адпусты можа толькі найвышэйшая ўлада Касцёла: Рымскі Пантыфік і тыя структуры, якім Папа дэлегуе гэтыя абавязкі. Як правіла, гэта Кангрэгацыі і Апостальская Пэнітэнцыярыя — адмысловы трыбунал, які займаецца ўсімі пытаннямі сакрамэнту пакаяння.

Адпуст бывае частковы або поўны ў залежнасці ад таго, якім чынам ён вызваляе ад пакарання за грахі: часткова або цалкам. Поўны адпуст — гэта адпуст, калі чалавеку цалкам прабачаецца часовае пакаранне. Адпуст можна атрымаць за саміх сябе або ахвяраваць яго за кагосьці з памерлых. Мы верым, што калі ахвяруем адпуст за памерлых, то чалавек поўнасцю ачышчаецца і ідзе ў неба. Ахвяраваць адпуст за іншых жывых людзей немагчыма.

Каб атрымаць адпуст, неабходна быць у стане асвячальнай ласкі пасля споведзі (неабавязкова спавядацца менавіта ў гэты дзень — можна зрабіць гэта загадзя), прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца (інтэнцыях, у якіх моліцца Пантыфік). Таксама чалавек павінен мець намер атрымаць адпуст. Калі такога ўсведамлення няма, то адпуст удзелены не будзе.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by