Крыж — знак надзеі
19 лютага ў Росіцы прайшлі ўрачыстасці на ўшанаванне бласлаўлёных пакутнікаў айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Росіцкая трагедыя адбылася 16—18 лютага 1943 года, калі падчас карнай аперацыі жыхары Росіцы і навакольных вёсак разам са святарамі загінулі ў агні.
Памаліцца да бласлаўлёных мучанікаў сабраліся не толькі мясцовыя вернікі, але і пілігрымы з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі і г.Мінска. Распачаліся ўрачыстасці з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой вернікі мелі магчымасць споведзі. Затым распачалася святая Імша, якую ўзначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі  біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У сваёй гаміліі Яго Эксцэленцыя заахвоціў задумацца над над словамі Хрыста:
"Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю?"     Мц 16, 26
Пасля Эўхарыстыі адбылася працэсія на месца мучаніцтва. Моцны вецер і золкае надвор'е нібы імкнуліся перадаць настрой тых жудасных падзей, якія адбыліся амаль 80 гадоў назад. На пляцы пакутніцкай гібелі нявінных ахвяраў біскуп Алег Буткевіч адзначыў: "нікому з людзей у гэтым свеце не дазволена вырашаць адыход іншага чалавека. Маем быць паслухмянымі Божай волі. І таму сёння, чарговы раз тут, на гэтым месцы, просім Божай Міласэрнасці для тых, хто ўсё ж памыкаецца на тое, каб вырашаць: калі чалавек мае адыйсці з гэтага свету. На гэтым месцы просім аб прабачэнні для тых, хто адышоў. Адышоў можа не паяднаўшыся з Богам... Просім аб прабачэнні. Прабачэнні для памерлых. Прабачэнні для тых, хто не зважае на Божае слова. І няхай крыж, які стаіць на гэтым месцы... Крыж, які маем на сабе, будзе заўсёды знакам надзеі..."
Росіца кожны год збірае вялікую колькасць пілігрымаў, для якіх вельмі важна наведаць менавіта гэтае месца. Месца, дзе мы судакранаемся са святасцю, дзе вучымся пакоры і міласэрнасці, дзе атрымоўваем сілу і моц для далейшага жыцця ў духу любові...

Жанна Закрэўская, тэкст, фота, відэа
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by