У гаміліі ардынарый Віцебскай дыяцэзіі засяродзіў увагу на благаслаўлёных росіцкіх пакутніках. Іерар падкрэсліў, што святары Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра свядома выбралі мучаніцкую смерць. Яны мелі магчымасць пакінуць Росіцу яшчэ да трагеды, калі іх папярэдзілі аб карнай аперацыі, і тады, калі над жыхарамі вёскі навісла пагроза смерці, бо немцы дазволілі ім свабодна перамяшчацца. Аднак айцы марыяне не пакінулі сваіх вернікаў у цяжкую хвіліну, а прайшлі разам імі апошні шлях да канца. Іх учынак — гэта прыклад таго, што дае чалавеку вера, прыклад ахвярнагага жыцця. Узор поўнага даверу Божай волі благаслаўлёных мучанікаў, дае таксама нам і надзею на тое, што з Божай дапамогай мы зможам годна прайсці свой жыццёвы шлях.
Пасля Эўхарыстыі адбылася працэсія на пляц мучаніцтва. На чале працэсіі як заўсёды мужчыны неслі вялікі і цяжкі крыж. Паводле аповедаў сведкаў трагедыі ў Росіцы, апошнюю калону ахвяраў на спаленне ўзначаліў ксёндз Юрый Кашыра, узяўшы крыж... Ён меў выбар, і ён яго зрабіў, несучы свой крыж да канца...
Тыя, хто ішоў у працэсіі сёння, таксама зрабілі свой выбар. Яны пакінулі зону камфорту, каб духоўна дакрануцца да той жудаснай падзеі і прасіць заступніцтва бласлаўлёных мучанікаў, усіх святых і, найперш, Пана Бога, каб лждскія сэрцы не станавіліся халоднымі і падобная трагедыя больш не паўтарылася.