Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міёрах
Урачыстасці ў Росіцы
1 жніўня ў Росіцы ў скарочаным фармаце прайшлі ўрачыстасці на ўшанаванне блаславёных мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Набажэнствы распачаліся а 11-ай гадзіне адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту ў цішыні. Затым усе разам памаліліся Радасныя таямніцы Ружанца.

А 12-ай гадзіне распачалася ўрачыстая святая Імша, якую сваімі спевамі ўпрыгожыў мёрскі хор. Напачатку літургіі кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Росіцкіх пакутнікаў айцец Чэслаў Курэчка МІС прывітаў прысутных і падзякаваў усім, хто прыбыў на ўрачыстасць, асабліва самаарганізаваным пілігрымам, якія прыйшлі пешшу з Полацка,  Барысава.  Святар звярнуўся да біскупа Віцебскага Алега Буткевіча з просьбай узначаліць святую Імшу і сказаць прамову.

У сваёй гаміліі Яго Эксцэленцыя звярнуў увагу на каштоўнасць жыцця, якую мы асаблівым чынам адчуваем, калі знаходзімся ў Росіцы. "...Жыццё, якое мы атрымалі як найвышэйшы дар ад Бога, становіцца найбольш прыгожым, калі мы пра яго дбаем. Наш абавязак дбаць пра чысціню сэрца і чысціню душы... Толькі людзі чыстыя сэрцам могуць быць свабоднымі..."

Пасля святой Імшы адбылася працэсія на месца мучаніцтва. Памаліўшыся за трагічна загінуўшых святароў і мясцовых жыхароў, ксёндз-біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да прысутных: "... Прыходзім на гэтае месца не з нянавясцю ў сэрцы, прыходзім сюды, каб навучыцца прабачаць. Так як сам Езус Хрыстус, якога крыжавалі, а ён прасіў Айца Свайго, каб прабачыў ім, бо не ведаюць таго, што чыняць. Таксама, напэўна, не ведалі таго, што чыняць і тыя, хто на гэтым месцы адабралі жыццё ў тысяч людзей. ...Бо мелі сэрца, замкнёнае на Божую ласку, мелі сэрца, зняволенае грахом...

...Наша малітва па дарозе, наша малітва ў гэтым месцы няхай будзе не толькі ў інтэнцыі тых, хто калісьці тут чыніў зло, але ў інтэнцыі тых, хто сёння яшчэ мае сэрца, закрытае на Божае Слова, на Божую Праўду, на Божую Міласэрнасць, тых, хто сёння не шануе людской годнасці, людскіх правоў. Няхай нашая малітва дапаможа ім убачыць у кожным чалавеку вобраз Божы, вобраз Хрыстовы, каб на нашай зямлі, каб увогуле ў гэтым свеце ніколі не было больш такой несправядлівасці. Просім, каб і мы самі заўсёды былі здольныя да прабачэння, каб мы самі былі здольныя несці надзею іншаму чалавеку. Так як гэтую надзею няслі росіцкія мучанікі..."

Жанна Закрэўская
01.08.2020

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by