Урачыстасці ў Росіцы
5 і 6 жніўня ў росіцкім санктуарыі прайшлі ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, мучанікаў Другой сусветнай вайны.  Галоўная святая Імша распачалася апоўначы, пасля яе адбылася працэсія на пляц мучаніцтва з адарацыяй Крыжа.
Святая Імша для пілігрымаў а 18-ай гадзіне, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дала пачатак урачыстасці. Затым адбыўся Акафіст росіцкім мучанікам, які адправілі вернікі Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з архімандрытам Сергіем Гаекам.
Потым прайшла адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і канферэнцыя, якую прамовіў айцец Аляксандр Жарнасек МІС. Малітву Святога Ружанца правялі сёстры эўхарысткі.
Апоўначы распачалася ўрачыстая святая Імша з удзелам Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскупа Алега Буткевіча і апостальскага візітатара Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыта Сергія Гаека. Узначаліў Эўхарыстыю арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч.
У сваёй гаміліі арцыбіскуп эмерыт адзначыў: "Гледзячы на благаслаўлёных нашай зямлі Юрыя і Антонія, мы павінны спытаць сябе: кім я з'яўляюся, чалавек ХХІ стагоддзя? Якое маё хрысціянства? Ці гэта хрысціянства сапраўднае і шчырае? Ці можа яно штучнае? Можа мяне з касцёлам злучае толькі пасведчанне хросту? А я павінен быць хрысціянінам не толькі паводле пасведчання, а перад усім сваёю вераю і сваім хрысціянскім сведчаннем. <...>Каб напрыканцы жыцця свайго пачуць словы: "Добры і верны слуга, увайдзі ў радасць гаспадара твайго".
Пасля Эўхарыстыі адбылася працэсія на пляц мучаніцтва, дзе пасля супольнай малітвы прайшла адарацыя Крыжа.
Завяршылася набажэнства ў касцёле гімнам "Цябе, Божа, праслаўляю".
Начное чуванне прадоўжыў росіцкі Крыжовы шлях, разважанні на кожную стацыю якога падрыхтавала пісьменніца Ірына Жарнасек. Крочачы ад стацыі да стацыі ў цемры, па мокрай ад расы траве, удзельнікі Дарогі Крыжовай імкнуліся нанова перажыць Мукі Хрыста.
Малітва ў касцёле трывала да раніцы. Падчас прабывання ў Росіцы вернікі мелі магчымасць скарыстаццца сакрамантам споведзі, запісаць свае інтэнцыі, набыць рэлігійную літаратуру. Завяршыліся ўрачыстасці святой Імшой а 10-ай гадзіне.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by