WYSIWYG Web Builder
Урачыстасці ў Росіцы
1 і 2 жніўня ў Росіцы прайшлі ўрачыстасці на ўшанаванне благаслаўлёных марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.  Пілігрымы з розных куточкаў Беларусі ў чарговы раз сабраліся разам, каб узмацніцца духоўна і, на ўзор росіцкіх пакутнікаў, з верай і надзеяй крочыць праз браму жыцця да вечнасці.
Урачыстасці распачаліся а 18-ай гадзіне святой Імшой для пілігрымаў, якую ўпрыгожыла сваімі цудоўнымі спевамі група моладзі пад кіраўніцтвам Вікторыі Філіпенкі.

На пачатку Эўхарыстыі прысутных прывітаў пробашч парафіі айцец Аляксандр Жарнасек МІС.

У гэтым годзе ў пешай пілігрымцы "Друя-Росіца", якой кіраваў айцец Ілля Саўчанка МІС, прынялі ўдзел 75 чалавек. Былі таксама і велапілігрымы, якія самастойна дабіраліся да санктуарыя на роварах з Верхнядзвінска, Мёраў і іншых месцаў. Сярод іх наш зямляк — Вітольд Ермалёнак, які ўжо не першы год прыязджае на ровары на летнія ўрачыстасці ў Росіцы.
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ў прывітальным слове звяртаючыся да пілігрымаў падкрэсліў: "Вы, ахвяраваўшы свой час, каб стаць мужнымі вызнаўцамі Езуса Хрыста і сведкамі веры, з'яўляецеся сёння для нашага грамадства крыніцай надзеі". 

Тэму надзеі прадоўжыў у сваёй гаміліі айцец Ілля Саўчанка МІС, які заахвоціў задумацца над тым, куды мы ідзем у сваім жыцці. Святар падкрэсліў, што мы павінны стаць святлом свету. Святло, якое сыходзіла ад агню 1943 года ў Росіцы, святло болю, страху і смерці, стала сёння святлом надзеі. Праходзячы пілігрымкай праз хутары, вёскі і гарады, мы становімся святлом надзеі для тых, каго сустракаем. Паказваем, што ў цемры граху гэтага свету можна жыць па-іншаму.

Напрыканцы гаміліі святар заклікаў быць святлом свету не толькі падчас пілігрымкі, але і штодня ў сваім паўсядзённым жыцці, імкнучыся каб святло жыцця не згасла, а асвятляла і сагравала іншых.
Пасля Эўхарыстыі і вячэры малітоўную праграму прадоўжыў акафіст да росіцкіх мучанікаў, які ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек. Затым адбылася ружанцовая малітва з разважаннямі над балеснымі таямніцамі, якія падрыхтавалі сёстры-эўхарысткі разам з моладдзю.

Канферэнцыю і адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту з малітвай праслаўлення правёў пробашч росіцкай парафіі айцец Аляксандр Жарнасек МІС. У гэты час ахвотныя маглі скарыстацца сакрамантам споведзі.
Апоўначы распачалася галоўная святая Імша з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча і Апостальскага адміністратара грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека МІС.

У гаміліі, звяртаючыся да вернікаў, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі звярнуў ўвагу на сімволіку Юбілейнага года, а, менавіта, на праходжанне праз браму юбілейных святыняў. Іерарх падкрэсліў, што праходжанне праз адкрытую браму, з'яўляецца знакам прынятага рашэння адносна нашага духоўнага жыцця. Прыходзячы ў касцёл мы праходзім праз браму не толькі фізічна, але і духоўна, прыняўшы рашэнне сваім жыццём пацвярджаць, што я належу да Хрыста і да Касцёла. Росіцкія пакутнікі Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч, якія прынялі рашэнне застацца са сваімі вернікам, з'яўляюцца для нас прыкладам сапраўднай прыналежнасці да Хрыста. Яны жылі надзеяй на збаўленне і неслі яе тым, хто быў побач. Няхай заступніцтва і прыклад жыцця благаслаўлёных росіцкіх мучанікаў стане для нас фундаментам нашага духоўнага жыцця.
Пасля Эўхарыстыі адбылася начная працэсія на пляц мучаніцтва. З запаленымі паходнямі і свечкамі ў руках вернікі ішлі дарогай пакутніцкага шляху, узносячы свае малітвы да ўсіх святых, просячы іх аб заступніцтве. Кульмінацыяй супольнай малітвы стала ўшанаванне Крыжа.
Начное чуванне прадоўжыў росіцкі Крыжовы шлях, разважанні да якога падрыхтавала пісьменніца Ірына Жарнасек.
Завяршыліся ўрачыстасці святой Імшой а 10-ай гадзіне.

У чарговы раз, праз заступніцтва благаслаўлёных айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, Росіца наталіла духоўных смагу і аднавіла сілы вернікаў, каб яны былі пілігрымамі надзеі і святлом свету.

Жанна Закрэўская

02.08.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by