Ушанавалі росіцкіх мучанікаў
6-7 жніўня адбылася малітоўная сустрэча ў гонар благаслаўлёных святароў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. На ўрачыстасць сабраліся пілігрымы, якія прыехалі пераважна на аўтатранспарце з розных куточкаў Беларусі: Мінска, Оршы, Полацка, Мёраў...

Праграма малітоўнай сустрэчы была даволі насычанай. Распачаліся ўрачыстасці вечарам 6 жніўня Акафістам росіцкім мучанікам. Затым адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога супольна памаліліся на Ружанцы.

Кульмінацыяй урачыстасцяў стала Эўхарыстыя апоўначы. Узначаліў канцэлебраваную святую Імшу старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ў сваёй прамове да вернікаў звярнуў увагу на ролю Божай любові ў жыцці чалавека.  Яго Эксцэленцыя адзначыў, што сучасны чалавек часта адварочваецца, забывае пра Бога, не шукае Яго ў сваім жыцці. "...Мы патрабуем прыкладаў, якія пакінулі нам нашыя продкі, тыя, хто асаблівым чынам даверыўся Богу. Такімі людзьмі з'ўляюцца благаслаўлёныя мучанікі з Росіцы Юры і Антоній. Святары, маладыя людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу і, напэўна, інакш бачылі свой лёс. Вялікая заслуга гэтых двух святароў у тым, што ў трагічны момант яны былі сярод людзей і дазволілі ім адчуць блізкасць Бога..." Пасля Імшы адбылася працэсія  на месца мучаніцтва і адарацыя Крыжа.

А 3-яй гадзіне ночы распачаўся росіцкі Крыжовы шлях, разважанні да якога падрыхтавала Ірына Жарнасек. Урачыстасці прадоўжыліся малітвай праслаўлення перад Найсвяцейшым Сакрамантам,  затым адбылася Літургія Усходняга абраду. Завяршылася малітоўная сустрэча святой Імшоў а 10-ай гадзіне, пасля якой пілігрымы атрымалі гарачы абед і вырушылі ў зваротны шлях.
 
Жанна Закрэўская, тэкст і фота
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by