WYSIWYG Web Builder
Сайту Kascelmery.by споўнілася пяць гадоў
Днём нараджэння парафіяльнага сайта Kascelmery.by можна лічыць 23 ліпеня 2020 года, калі на сервер быў загружаны першы матэрыял. Парафіяльная старонка ў сеціве была створана з мэтай інфармавання вернікаў аб асноўных падзеях, якія адбываюцца ў парафіі.
Ініцыятарам стварэння парафіяльнага сайта быў пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік. Менавіта дзякуючы яго ідэі, у чэрвені 2020 года распачалася работа над інфармацыйным праектам. Яна ўключала ў сябе шэраг этапаў: распрацоўку структуры сайта; яго дызайнерскае вырашэнне і тэхнічнае выкананне; размяшчэнне старонкі ў сеціве і далейшае яе падтрыманне ў актуальным стане.

Сайт Kascelmery.by створаны з дапамогай праграмы Wysiwyg Web Builder і размяшчаецца на платформе Hoster.by. Пасля запуску праекта і працы ў тэставым рэжыме, былі праведзеныя пэўныя тэхнічныя дапрацоўкі.
3 кастрычніка 2020 года з'явілася адаптыўная версія — гэта азначае, што інтэрфейс сайта распрацаваны такім чынам, што яго можна зручна праглядаць праз мабільныя прылады. Старонкі аўтаматычна падладжваюцца пад памеры смартфона ці планшэта.

Першапачаткова сайт складаўся з 23 старонак і адшукаць яго ў сеціве магчыма было толькі пры дакладным увядзенні назвы kascelmery.by. На сённяшні дзень мы маем ужо 626 старонак, якія, па запыце, з лёгкасцю адкрывае любая пошукавая сістэма.

Значную дапамогу ў пашырэнні папулярнасці сайта сярод парафіянаў аказаў Антон Анецька — адміністратар старонкі ВКонтакте “Мёры — Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі”, які рэгулярна размяшчае на ёй інфармацыйныя посты са спасылкай на наш сайт.

Прасоўванню парафіяльнай старонкі ў сеціве паспрыяла таксама размяшчэнне яе артыкулаў на сайце Catholicnews.by — анлайн-версіі газеты Віцебскай дыяцэзіі “Каталіцкі Веснік”, і афіцыйным партале Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Catholic.by. Пра падзеі ў парафіі і Мёрскім дэканаце сёння ведаюць не толькі вернікі Беларусі, але і замежжа. Дарэчы, абагуленую інфармацыю па нашых артыкулах можна знайсці нават на старонках Беларускай версіі інфармацыйнага рэсурса Vatican News у рубрыцы “Тыдзень у Беларусі — важнае”.
Каб наш сайт набраў першую тысячу праглядаў, спатрэбілася некалькі месяцаў. Сёння ж, мы маем у сярэднім 120 візітаў штодзень. Найбольшай папулярнасцю ў наведвальнікаў карыстаюцца аб'явы, навіны і рэпартажы аб падзеях у парафіі, а таксама ўрачыстасцях у Браславе, Будславе, Росіцы і іншых месцах. 

Нягледзячы на пэўныя дасягненні, яшчэ шмат над чым трэба працаваць, каб наша парафіяльная старонка была цікавай і запатрабаванай. Для гэтага неабходна зваротная сувязь. Я вельмі ўдзячная ўсім за водгукі: як станоўчыя, так і крытычныя, бо яны дапамагаюць акрэсліць асноўныя накірункі дзейнасці. Прапановы па паляпшэнні работы сайта можна заўсёды выказаць асабіста або даслаць на электронную пошту kascelmery@gmail.com.

Жанна Закрэўская,
23.07.2025

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by