WYSIWYG Web Builder
Сакрамант споведзі — магчымасць пачаць жыццё нанава
22 сакавіка ў нашай парафіі распачнуцца велікапосныя рэкалекцыі — час духоўных практыкаванняў, які садзейнічае наладжванню жывых адносін з Богам. Рэкалекцыі — гэта таксама магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі, каб вызваліцца ад граху і пачаць жыццё нанава.
Каб сакрамант споведзі прынёс плён, неабходна старана да яго падрыхтавацца. Сакрамант пакаяння ўключае ў сябе рахунак сумлення, жаль (скруху) за грахі, намер больш не грашыць, споведзь (вызнанне грахоў) і сатысфакцыю (чын пакаяння).

Рахунак сумлення – гэта разгляд сваёй маральнасці (учынкаў, слоў, думак, абавязкаў, духоўнага натхнення) у святле Божага слова. Святы апостал Ян сцвярджаў: "Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды." (Пар.1 Ян 1,8)

Айцец Юзаф Аўгустын SJ у сваёй кнізе "Патаемнасць і свабода" піша, што грэх — гэта не выпадковасць. Любы грэх — гэта перш за ўсё бунт супраць Бога. Смяротны грэх разрывае повязь з Богам, паўсядзённы — паслабляе яе. Сваім грахом чалавек адкідвае стваральную і збаўчую любоў Бога, грэбуе ёй. Грэх ніколі не бывае выпадковай памылкай, неўсвядомленым пралікам, няўдалым збегам абставін, на якія мы не маглі паўплываць. Абставіны граху, хоць і важныя для маральнай ацэнкі з боку сумлення, аднак не ўплываюць на яго сутнасць. <...> За кожным "выпадкам граху" хаваецца грахоўны стан сэрца, грахоўныя думкі, грахоўны выбар." Таму, калі мы робім рахунак сумлення, важна таксама ўбачыць прычыны нашых грахоў, каб пазбавіцца іх.

Ян Павел ІІ пісаў, што рахунак сумлення павінен быць "шчырым і спакойным супастаўленнем з унутраным маральным законам, з евангельскімі нормамі, якія падае Касцёл, з самім Езусам Хрыстом, які з'яўляецца нашым Настаўнікам і прыкладам жыцця, а таксама Нябесным Айцом, які кліча нас да дабра і дасканаласці".

Шчыры рахунак сумлення заканамерна прыводзіць кожнага верніка да жалю (скрухі) за грахі. Скруха – гэта душэўны боль і пагарда да здзейсненага граху. Яна заключаецца ў прызнанні праўды пра самога сябе і свае ўчынкі (параўн. KKK 1451). Святы Францішак Сальскі казаў: "Бог так высока цэніць пакаянне, што самае мізэрнае на свеце пакаянне, калі толькі яно сапраўднае, дазваляе Яму адпусціць кожны грэх, так што нават д'яблам былі б прабачаны ўсе іх грахі, калі б толькі яны здолелі адчуць скруху".

Якім бы дасканалым не быў наш жаль за грахі – усё гэта будзе марным, калі ў нас няма настойлівасці ў жаданні выправіцца, не паўтараць грахі, за якія зараз раскайваемся. Цвёрды намер выправіцца з’яўляецца дабравольным, свядомым і канкрэтным рашэннем не грашыць больш у будучыні. Калі гэтага намеру няма або не можа быць (напрыклад, вернік знаходзіцца ў сужыцці з кімсьці, жыве без сакраманту шлюбу), сакрамант пакаяння становіцца несапраўдным, а далейшае прыняцце Камуніі цягне за сабой смяротны грэх блюзнерства.

Шчырая споведзь складае асноўную частку сакраманту. Згодна з сучаснай практыкай Касцёла ў звычайных умовах мае месца толькі асабістая споведзь чалавека святару, які ў адпаведнасці з Кананічным правам атрымаў для гэтага спецыялныя паўнамоцтвы. Недапушчальна спавядацца праз сродкі камунікацыі: тэлефон, інтэрнэт, па відэасувязі.

Падчас споведзі вернік павінен пералічыць усе смяротныя грахі, якія ён усведамляе ў сябе пасля сур’ёзнага рахунку сумлення. Касцёл рэкамендуе спавядацца таксама са штодзённых грахоў. Святар С.Тышкевіч у кнізе "Кароткі Каталіцкі Катэхізіс" піша: "Не трэба саромецца шчыра спавядаць свае грахі, бо нячыстая споведзь нараджае страшэнныя мукі сумлення, а баяцца пагарды з боку святара не трэба, бо святар прывык слухаць споведзь страшных злачынстваў, і сам грэшны чалавек, і не можа не зведаць глыбокай павагі перад злачынцам, які шчыра каецца; перад духоўнай прыгажосцю пакорнага пакаяння ніякавеюць усе злачынствы."

Пасля абвяшчэння пакуты, якую мы павінны выканаць, святар адпускае нам грахі. Нашы грахі наносяць крыўду Богу і бліжняму. Адпушчэнне здымае грэх, але не выпраўляе непарадку, выкліканага грахом (ККК 1459). Пакаянне — гэта кампенсацыя за ўчыненую несправядлівасць. Яно не можа адбыцца толькі ў галаве, а павінна выражацца ў справах любові і ў намаганнях на карысць іншых людзей. Пакаянне здзяйсняецца таксама праз малітву, пост, духоўную і матэрыяльную падтрымку бедных. (ККК 1434-1439) Трэба таксама зрабіць усё магчымае, каб пакрыць крыўду бліжняму (напрыклад: вярнуць скрадзеныя рэчы, аднавіць рэпутацыю абгаворанага чалавека, загладзіць крыўды). Гэтага патрабуе простая справядлівасць (параўн. ККК 1459).

Ян Павел ІІ у сваёй кнізе "Памяць і самасвядомасць" успамінае ўрывак з Евангелля ад Марка, дзе апавядаецца пра паралізаванага, якога прынеслі да Езуса, і трапна заўважае, што Хрыстус найперш сказаў яму: "Даруюцца табе грахі твае" (Мк 2, 5) і толькі потым: "Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі" (Мк 2, 11). Такім чынам, піша Святы Айцец, Езус "апасродкавана зазначыў, што грэх — гэта большае зло, чым параліч цела". І вельмі важныя яго словы, якія маюць прамое дачыненне да сакраманту пакаяння: "Укрыжаваны Езус апраўдвае чалавека кожны раз, калі той, абапіраючыся на веру ў адкупленне, здзейсненае Хрыстом, шкадуе за свае грахі, навяртаецца і вяртаецца да Яго, як да свайго Айца. Адных толькі чалавечых высілкаў недастаткова, каб быць апраўданым перад Богам. Абавязкова трэба, каб пачала дзейнічаць ласка, якая зыходзіць з ахвяры Хрыста, бо толькі крыжовая ахвяра Хрыста мае моц вяртаць чалавеку справядлівасць перад Богам".

Для нас, грэшных людзей, дзеянні Бога — найвялікшая Таямніца, але мы верым, што Божая ласка, "якая зыходзіць з ахвяры Хрыста", — гэта адказ Бога на наш акт добраахвотнага шчырага і поўнага ўдзелу ў сакраманце пакаяння. Для кожнага католіка, хто са скрухаю ў сэрцы прайшоў праз усе яго этапы, — рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдае пастанаўленне выправіцца, шчырую споведзь, выкананне пакуты, задаволенне Богу і бліжняму за грахі, — сакрамант пакаяння нясе вельмі істотныя наступствы, якія пералічваюцца ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла: прымірэнне з Богам, праз якое той, хто каецца, зноў атрымлівае ласку Божую; прымірэнне з Касцёлам; супакой сумлення і духоўнае суцяшэнне; узрастанне духоўных сіл для хрысціянскай барацьбы.

Жанна Закрэўская

У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы кнігі Яраслава Чаплі "Ці гатовы я памерці заўтра?"

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by