З верасня ў нашай парафіі арганізаваны сустрэчы для міністрантаў. На занятках, якія праходзяць адзін раз у два тыдні, хлопцы больш падрабязна знаёмяцца са зместам і сэнсам пэўных этапаў літургіі, адпрацоўваць практычныя навыкі служэння ля алтара. Праводзіць заняткі і апякуецца міністрантамі ксёндз-вікарый Аляксандр Дулінец.
Падчас восеньскіх канікул для міністрантаў была арганізавана невялікая экскурсія па касцёлах Міёршчыны і Браслаўшчыны. Ініцыятарам паездкі стаў пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік.
У падарожжа пад кіраўніцтвам ксяндза Аляксанда вырушылі а 10-ай гадзіне ў бок Мілашова і Ідолта. Там нас гасцінна сустрэў пробашч парафіі Вячаслаў Адамовіч. Ксёндз Вячаслаў расказаў пра гісторыю храма, пра трагічны лёс святароў, якія прычыніліся да яго будаўніцтва.
Будаўніцтва святыні распачаў ксёндз Станіслаў Эліяш. 17 ліпеня 1938г. адбылося асвячэнне вуглавога каменя касцёла (на той час будова была амаль скончана, заставалася пакласці дах). Скончыць будоўлю святыні ксяндзу Эліяшу не атрымалася. У ноч з 22 на 23 чэрвеня 1941 года святар быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў Беразвецкай турме каля Глыбокага, затым яго разам з іншымі вязнямі пад узмоцненым канвоем пагналі ў напрамку да Віцебска. 26 чэрвеня ў мясцовасці Таклінова каля Улы падчас налёту нямецкіх самалётаў канваіры загадалі вязням легчы на зямлю і расстралялі іх. Разам з іншымі загінуўшымі ў агульнай магіле быў пахаваны і ксёндз Станіслаў Эліяш. На цвінтары касцёла ёсць сімвалічная магіла ксяндза Эліяша.
Завяршаць будову святыні давялося новаму пробашчу - ксяндзу Баляславу Грамсу, які распачаў сваё служэнне ў парафіі 2 жніўня 1941г. 15 ліпеня 1942 г. касцёл быў кансэкраваны ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Святара, які самаахвярна служыў Богу і бліжняму, напаткаў трагічны лёс. За дапамогу тым, хто змагаўся з акупантамі, 7 чэрвеня 1944 г. святар быў арыштаваны і жорстка збіты. Яго кінулі на павозку і павезлі ў Полацк. Па дарозе немцы спыніліся і ўчынілі ў вёсцы п’янку. Ксёндз Грамс спрабаваў уцячы. Яго забілі... 10 чэрвеня ксяндза Грамса пахавалі каля касцёла.
Побач з магіламі святароў ёсць трэцяя магіла, якая належыць арганісту Яну Шабуцкаму. У 1956 годзе камсамольцы кінулі яго пад колы цягніка за тое, што ён іграў у касцёле на аргане.
Далей пазнаёміліся з інтэр’ерам святыні і хрысціянскай сімволікай. Ксёндз Вячаслаў растлумачыў сэнс абраза “Святая Імша за душы чыстцовыя”, які намаляваў ксёндз Баляслаў Грамс.
Наведаўшы капліцу на паўастраўку даведаліся, што пабудаваў яе ў 1862г. Яўген Мілаш. Капліца пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў стылі позняга класіцызму – фамільны склеп Мілашаў у знак самоты па заўчасна памерлай жонцы. Сам фундатар памёр у 1908 г. і быў пахаваны ў гэтай капліцы. На той час капліца адносілася да тэрыторыі Друйскай парафіі. У савецкія часы капліца на паўастраўку была разрабавана, труны з яе падвала паразбіваныя і таксама разрабаваныя. Доўгі час яна выкарыстоўвалася як склад з угнаеннямі. У 1990-ых гадах капліца была вернута парафіі.
Наступны прыпынак – касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Друі. Барочны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардзінаў быў пабудаваны ў 1643–1646 гг., перабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. Пасля касацыі кляштара ў 1852 г. касцёл стаў парафіяльным. У 1944 г. у святыню трапіла бомба. Пасля ІІ сусветнай вайны быў зачынены, пазней фармальна знаходзіўся ў распараджэнні мясцовага меліярацыйнага прадпрыемства, а на справе быў занядбаны і паступова разбураўся. У 1989 г. святыню вярнулі вернікам. Пачаўся рамонт, падчас якога быў адноўлены і часткова рэканструяваны ўнутраны дэкор у стылях барока і ракако.
Па дарозе на Браслаў зрабілі прыпынак у в.Слабодка ля касцёла пад тытулам Божага Провіду. Гэты касцёл мае і другую (народную) назву – Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Пабудаваны касцёл з цэглы ў 1903 годзе. Храм размешчаны на пагорку над возерам Поцех. У добрае надвор’е яго беласнежны сілуэт бачны з многіх пагоркаў Браслаўскага ўзвышша. Сапраўдным творам мастацтва з’яўляюцца дзверы святыні, якія ўпрыгожаны выкаванымі ўручную элементамі.
У Браславе спыніліся ля санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёр, наведалі гарадзішча “Замкавая гара”, палюбаваліся мясцовымі краявідамі. Падняліся на гару Маяк, адну з вышэйшых кропак Браслаўшчыны. Дарэчы, там зусім нядаўна ўстанавілі 15-ці метровую вежу з якой адкрываецца маляўнічы пейзаж. Добра бачны адтуль і вышэй узгаданы касцёл у Слабодцы.
Па дарозе да дому наведалі касцёл у Іказні, які быў пабудаваны ў 1912г. У гэтым касцёле ў апошнія гады свайго жыцця працаваў Уладас Пятрайціс. Дарэчы, ён быў пробашчам у Слабодцы, падчас душпастырскай дзейнасці ў Мёрах, апекаваўся пэўны час парафіянамі з Мілашова, Ідолта і Друі. Не плануючы загадзя, атрымалася, што мы прайшлі слядамі нашага былога пробашча Уладаса Пятрайціса. Вечная яму памяць…
Напрыканцы міністранты падзяліліся сваімі ўражаннямі ад падарожжа. Падсумоўваючы іх можна сказаць, што экскурсія аказалася цікавай і пазнавальнай. З усіх месц, якія наведалі падчас падарожжа, дзеці былі толькі ў Браслаўскім санктуарыі. Наведванне святынь дапамагло лепш зразумець выкарыстанне пэўнай хрысціянскай сімволікі, а знаёмства з гісторыяй садзейнічала іх духоўнаму ўзрастанню, а таксама парадзіла жаданне да наступных падарожжаў.
Жанна Закрэўская
04.11.2020