13 кастрычніка ва ўрачыстастай святой Імшы ў Віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага прынялі ўдзел арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, кусташ Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў а. Алег Шэнда OFMCap, семінарысты з Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, якія паходзяць з Віцебскай дыяцэзіі, разам са сваім прэфектам кс. Янам Раманоўскім, святары, сёстры законныя і вернікі з Віцебскіх парафій.
13 кастрычніка 1999 года Святым Айцом Янам Паўлам ІІ была ўтворана Віцебская дыяцэзія. Мінаючы 25 год з моманту яе ўзнікнення, прысутныя ў святыні мелі магчымасць прыпомніць сабе як гэта адбывалася. Пра важныя моманты, а таксама невядомыя старонкі з гісторыі дыяцэзіі пазнаёміла гісторык Кацярына Лаўрыненка.
“Сёння дзякуем Усемагутнаму Богу за час існавання Віцебскай дыяцэзіі, за тыя ласкі і бласлаўленне, якія атрымалі вернікі гэтай зямлі. Таксама прагнем выказаць нашу ўдзячнасць усім тым, чые намаганні, ахвярнасць, добразычлівасць, талент і малітва дапамагалі і дапамагаюць ва ўзрастанні і развіцці Віцебскай дыяцэзіі”, — прамовіў біскуп Алег і запэўніў, што памятае ў малітве ўсіх тых, хто быў у пачатку яе ўтварэння.
Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч падчас гаміліі падзяліўся ўспамінамі з кансэкрацыі першага біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна. “Гэта было велічнае свята трыумфу Хрыста і Яго Касцёла. Укрыжаваная і замучаная ганеннямі зямля атрымала іерархічную структуру на чале з біскупам”. Далей іерарх дадаў: “Дзе біскуп, там Касцёл” – навучае св. Ігнацый з Антыёхіі, і гэта было бачна няўзброеным вокам. Біскуп Уладзіслаў узяўся за адраджэнне веры, для чаго засноўваў неабходныя для функцыянавання мясцовага касцёла структуры. Яго смела можна назваць архітэктарам будовы Віцебскага Касцёла. Працу яго паспяхова працягвае сучасны ардынарый”.