WYSIWYG Web Builder
У 35-ую гадавіну рэкансэкрацыі капліцы ў Стэфанове адбыўся адпуст у гонар святога Яна Хрысціцеля
27 чэрвеня ў капліцы святога Міхала Арханёла ў вёсцы Стэфанова Новапагосцкай парафіі адбыўся адпуст з нагоды ўрачыстасці нараджэння св.Яна Хрысціцеля — другога апекуна святыні. Сёння ў вёсцы няма ніводнага жыхара, аднак на ўрачыстасць сабралася шмат вернікаў з розных куточкаў Беларусі і нават замежжа — пераважна тыя, хто сам або бацькі паходзяць з гэтых мясцін.
Капліца ў Стэфанове была пабудаваная ў 1750 годзе, як прыватная капліца роду Шаўманаў, якія мелі тут сваю сядзібу. Не адно пакаленне былых уладальнікаў мясцовых земляў Шаўманаў-Шумскіх знайшлі свой спачын пад падлогай святыні. На сценах храма доўгі час размяшчаліся каменныя мемарыяльныя дошкі, аднак яны былі знішчаныя ў часы ваяўнічага атэізму. Зараз засталіся толькі жалезныя апоры, на якіх яны мацаваліся. На жаль, не мінулі знявагі і магілы мясцовых землеўладальнікаў, якія былі ўскрытыя і разрабаваныя ў другой палове мінулага стагоддзя.
Драўляны будынак капліцы неаднаразова перабудоўваўся і аднаўляўся. Ззаду на галоўным алтара маецца запіс на польскай мове: "Гэты касцёл вельмі стары. Адноўлены ў 1858 годзе. Ашаляваны з вуліцы. Дах новы, нанова пакрыты. У сярэдзіне ашаляваны. Алтар зроблены новы. Пафарбаваны і пазалочаны. Касцёл пасвечаны на хвалу і пашану Божую праз фундатараў Юзафа і Міхаліны з Нітаслаўскіх, Шаўманаў, Шумскіх 24 мая 1859 года ў маёнтку Стэфанова". Аднаўлялі і ўпрыгожвалі храм мясцовыя майстры. Утой час каваль Тамаш Закрэўскі з Калганова зрабіў дзве бочкі цвікоў і ахвяраваў іх на аднаўленне капліцы.

Дзякуючы нашаму парафіяніну спадару Дзмітрыю, якому ўдалося знайсці фотаздымак капліцы амаль стогадовай даўнасці, мы можам уявіць, як яна выглядала раней. Аўтар фотаздымка вядомы беларускі фатограф Ян Булгак. Здымак датуецца 1930 годам.
У маі 1939 года памёр гаспадар маёнтка Канстанцін Шаўман, які таксама быў пахаваны ў капліцы. Яго жонка з дзецьмі выехала ў Польшчу да сваіх родных. Пасля Вялікай Айчыннай вайны капліцу забраў мясцовы калгас. У час ваяўнічага атэізму храм выкарыстоўваўся як склад. Спачатку там захоўвалі зерне, а потым і ядахімікаты. Былі знішчаны алея і сквер, якія размяшчаліся непадалёку. У занядбанне прыйшоў і сам будынак капліцы. Пры старшыні калгаса М.І.Латышаве будынак быў перакрыты, што захавала драўляныя сцены ад разбурэння.

У 1990 гадзе, калі ў Новы Пагост прыехаў працаваць айцец Бярнард Мар'янскі СОг, храм вярнулі вернікам. З вялікім інтузіязмам мясцовыя каталікі ўзяліся за аднаўленне капліцы, аказвалі дапамогу і праваслаўныя суседзі. Першапачаткова ў капліцы працаваць было немагчыма. Сцены настолькі набралі ў сябе ядахімікатаў, што жанчыны, якія іх мылі, праз гадзіну працы не вытрымлівалі і нават страчвалі прытомнасць. Праблема вырашылася толькі тады, калі сцены ачысцілі з брандспойта пажарнага аўтамабіля.

Затым за работу ўзяліся мужчыны. Былі адрамантаваныя столь і падлога, адноўлена шалёўка звонку капліцы і вежа званніцы. Дапамогу ў аднаўленні храма аказваў мясцовы калгас "Парыжская камуна".

Работы хапала ўсім. Разам працавалі не толькі дарослыя, але таксама моладзь і падлеткі. Пералічыць усіх, хто прычыніўся да аднаўлення капліцы, немагчыма, аднак варта ўзгадаць двух мясцовых жыхароў, якія ўнеслі значны ўклад у аднаўленні "касцялка", як ласкава называлі свой храм мясцовыя вернікі.

Усімі рамонтна-будаўнічымі работамі кіраваў Ян Сіняўскі, які сам прымаў актыўны ўдзел у аднаўленні знешняй шалёўкі храма і званніцы. Яго рукамі зроблены амвон, лаўкі і іншыя рэчы. Пра ўнутранае ўпрыгожванне і аздабленне святыні клапацілася Часлава Вішнеўская. Гэта яна потым яшчэ доўгія гады ўмела арганізоўвала жанчын на прыбіранне капліцы перад святамі.
За перыяд, калі быў зачынены храм, было страчана шмат рэлігійных рэчаў, у тым ліку не захавалася ніводнага абраза. Упрыгожыць святыню і намаляваць новыя абразы вернікі папрасілі Яніну Пушкель з Новага Пагоста. Мясцовая мастачка з радасцю пагадзілася дапамагчы і намалявала абразы "Езуса з келіхам" і "Святога Міхала Арханёла", якія размешчаны зараз у галоўным алтары, а таксама абраз "Яна Хрысціцеля" для бочнага алтара. Жанчына тады не толькі не ўзяла грошы за сваю працу, але яшчэ ахвотна зрабіла харугвы для працэсіі.
Дзякуючы супольнай працы аднаўленне капліцы было завершана і ва ўрачыстаць нараджэння Яна Хрысціцеля ў чэрвені 1991 года адбылася рэкансэкрацыя святыні, якую здзейсніў а.Бярнард Мар'янскі СОг. З той пары, так як гэта было ў мінулыя часы, два разы на год на адпуст у гонар нараджэння св.Яна Хрысціцеля і свята св. Міхала Арханёла сталі збірацца на супольную малітву жыхары навакольных вёсак.

У пачатку двухтысячных, калі ў Новым Пагосце пробашчам працаваў ксёндз Валянцін Станкевіч, святыя Імшы ў капліцы ў летні перыяд цэлебраваліся часцей, а на ўрачыстасць нараджэння Яна Хрысціцеля прыязджала шмат вернікаў з Новага Пагоста — цэлы аўтобус: дзеці, міністранты, моладзь, людзі старэйшага пакалення. Даязджалі святары з суседніх парафій. У 2005 годзе капліцу наведаў ксёндз пралат Юзаф Булька.
За апошнія дваццаць гадоў мясцовых вернікаў стала значна менш, аднак яны заўсёды падтрымлівалі свой храм. Ні ліўневы дождж і бездарожжа, ні ўзрост і праблемы са здароўем не перашкаджаюць ім прыехаць ці прайсці пешшу некалькі кіламетраў, каб памаліцца ў сваёй святыні. Так адбылося і ў гэтым годзе, калі капліца адзначае трыццаць пятую гадавіну свайго аднаўлення.

Урачыстую святую Імшу ў гэты дзень узначаліў пробашч Новапагосцкай парафіі айцец Уладзімір Лапацкі OCist. На пачатку Літургіі святар прывітаў усіх прысутных і падкрэсліў важнасць падзеі, якую ўсе разам перажываем з нагоды ўрачыстасці нараджэння святога Яна Хрысціцеля.
Пасля Эўхарыстыі, перад Найсвяцейшым Сакрамантам, супольна памаліліся літаніяй да святога Яна Хрысціцеля, а потым прайшлі Эўхарыстычнай працэсіяй вакол капліцы.

Завяршыўся адпуст спевам гімна "Цябе, Бога, праслаўляем".
Пасля набажэнства вернікі змаглі пазнаёміцца з фотавыставай "Памяць праз вякі", якая была зладжана з нагоды ўрачыстай гадавіны аднаўлення святыні.

Жанна Закрэўская тэкст, фота.

У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы і фотаздымкі з раённай газеты "Сцяг працы" (1990-1992 гг.)
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by