У дакументах капліца ў Стэфанове ўзгадваецца ўжо ў 1750 годзе, але сучасны драўляны будынак пабудаваны значна пазней у ХІХ стагоддзі. Дакладных звестак пра пабудову і гісторыю храма няма. Вядома, што належыла капліца Шаўманам, якія былі яе фундатарамі і жылі непадалёку. Ад іх сядзібы да капліцы вяла алея з ружаў. Рабілі і ўпрыгожвалі храм мясцовыя майстры.
У 1939 годзе Шаўманы выехалі ў Польшчу, а пасля Вялікай Айчыннай вайны капліцу забраў мясцовы калгас. У час ваяўнічага атэізму храм выкарыстоўваўся пад зернясховішча ды склад ядахімікатаў. Былі знішчаны алея, сквер, які размяшчаўся непадалёку. У занядбанне прыйшоў і сам будынак. Пры старшыні калгаса М.І.Латышаве будынак быў перакрыты, што захавала драўляныя сцены ад разбурэння.
У пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя храм вярнулі вернікам. З вялікім інтузіазмам мясцовыя каталікі ўзяліся за аднаўленне капліцы, аказвалі дапамогу і праваслаўныя суседзі. Дзякуючы супольнай працы ва ўрачыстаць нараджэння Яна Хрысціцеля ў чэрвені 1991 года адбылася святая Імша. З той пары традыцыйна два разы на год на фэст у гонар нараджэння Яна Хрысціцеля і святога Міхала Арханёла збіраюцца жыхары навакольных вёсак. З кожным годам вернікаў становіцца ўсё менш, але мясцовыя жыхары падтрымліваюць свой храм і не дазваляюць знікнуць традыцыі. Ні ліўневы дождж і бездарожжа, ні ўзрост і праблемы са здароўем не перашкодзілі ім прайсці пешшу некалькі кіламетраў каб памаліцца ў сваёй святыні. Пакуль жывуць такія людзі, жыве вера, будзе жыць і храм.