WYSIWYG Web Builder
У Новым Пагосце адбыўся парафіяльны адпуст
17 верасня Каталіцкі Касцёл адзначае свята Стыгматаў святога Францішка Асізскага. У парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Новым Пагосце — гэта парафільная ўрачыстасць, якая святкуецца тут ужо больш двух стагоддзяў.
Свята Стыгматаў св.Францішка ў Новым Пагосце пачало адзначацца з пачатку ХІХ стагоддзя, калі ў парафіі працаваў а.Філіцыян Залескі, францішканін з кляштара ў Дзісне. На працягу многіх гадоў урачыстасці папярэднічала 40-гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, аднак з цягам часу, у сувязі са змяншэннем колькасці вернікаў, гэта практыка знікла.

Сёлета ўрачыстай Літургіі, якая распачалася а 18-ай гадзіне, папярэднічала ружанцовая малітва, падчас якой ахвотныя мелі магчымасць прыступіць да сакраманту пакаяння. Канцэлебраваную святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік.
Гамілію прамовіў ксёндз Уладзіслаў Шарковіч, пробашч парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Дрысвятах, які ўзгадаў біяграфію святога Францішка Асізскага і гісторыю з'яўлення яго стыгматаў. Святар прадкрэсліў, што св.Францішак з'яўляецца для нас прыкладам вялікай любові да Бога, якая праяўлялася ў яго гарачай любові не толькі да чалавека, але і да ўсяго жывога стварэння. Хрыстус узнагародзіў яго сваёй любоўю, даруючы стыгматы.

Стыгматы святога Францішка — гэта святыя знакі, якія з'яўляюцца копіяй ран Хрыста, атрыманых падчас распяцця. Гісторыя абвяшчае, што ў 1224 годзе, падчас малітвы на гары Ла Верна, Францішак атрымаў стыгматы ад серафіма, які з'явіўся яму ў выглядзе ўкрыжаванага Хрыста. Гэта падзея стала кульмінацыяй яго духоўнага шляху і сімвалам яго поўнага яднання з Хрыстом у пакутах.

Завяршаючы гамілію, прамоўца заахвоціў вернікаў, на ўзор св.Францішка, стаць знакам духоўнай еднасці з Хрыстом праз учынкі любові і міласэрнасці да бліжняга.
Пасля Эўхарыстыі, перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам, супольна памаліліся Літаніяй да св.Францішка, а затым праславілі Бога спевам гімна Te Deum.

На заканчэнне ўрачыстасць ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці ксяндзу Уладзіславу Шарковічу за паслугу ў канфесіянале і прамоўленую гамілію, ксяндзу Юрыю Бараўнёву, пробашчу парафіі святога Яна ў в. Волма Стаўбцоўскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі за ўдзел у цэлебрацыі Эўхарыстыі, вернікам за ўдзел у святой Імшы і захаванне традыцыі шанавання стыгматаў св.Францішка.


Жанна Закрэўская

17.09.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by