Алкагалізм і сузалежнасць: дзе шукаць выйсце?
5 чэрвеня пасля святой Імшы а 12-ай гадзіне ў нашай святыні прайшла сустрэча з членамі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Цэнтральная служба ананімным алкаголікаў" і  таварыства Ал-Анон. Размова ішла аб праблемах алкагалізму і сузалежнасці.
Сямейная пара Цімур і Вольга падзяліліся сваім досведам. Цімур, які раней злоўжываў алкаголем і меў моцную залежнасць, ужо 9 гадоў вядзе цвярозы лад жыцця. Дапамогу ў свой час яму аказала група Ананімных Алкаголікаў (АА). Рэалізуючы праграму "12 крокаў" мужчына змог знайсці стымул для жыцця без алкаголю і адчуць сапраўдную радасць і супакой. Ведаючы, як няпроста пераадолець сябе і змяніць свой светапогляд, Цімур стаў актыўным членам аб'яднання Ананімных Алкаголікаў, каб сваім сведчаннем дапамагчы іншым людзям знайсці шлях да аздараўлення.

"Не піць сёння — вось асноўная мэта на шляху да цвярозасці ў залежных ад алкаголю" — заўважыў Цімур. "Не трэба ставіць мэту адказу ад алкаголю на ўсё жыццё. Гэта многіх пужае, сапраўды складана і здаецца нерэальным. Не піць сёння! Вытрываць у гэты дзень і тады ўсё атрымаецца. Залежнаму чалавеку адказацца ад алкаголю вельмі складана, патрэбна дапамога і падтрымка. Такую падтрымку і шлях у "12 крокаў" да цвярозасці прапануюць члены аб'яднання Ананімных Алкаголікаў".

Вольга доўгі час жыла ў шлюбе з чалавекам залежным ад алкаголю. Яе сямейнае жыццё з цягам часу прерарасло ў шэраг праблем і непаразуменняў. Складаныя адносіны з мужам, уласная знерваванасць прымусілі жанчыну шукаць выйсце з сітуацыі. Шэсць гадоў назад яна звярнулася за дапамошай ў таварыства Ал-Анон, а пасля стала яе актыўным членам. "Ал-Анон — гэта садружнасць родных і сяброў алкаголікаў, якія дзеляцца адзін з адным сваім вопытам, сілай і надзеяй, каб вырашыць агульныя праблемы. Тыя, хто жывуць з алкаголікамі таксама становяцца хворымі: знерваванымі, падазронымі, прыдзірлівымі. Моцная падтрымка і псіхалагічная дапамога патрэбна таксама і сузалежным асобам. Гэтым і займаецца Ал-Анон" — адзначыла Вольга.


У ходзе сустрэчы прысутныя мелі магчымасць падзяліцца сваім уласным вопытам па праблеме, а таксама  задаць пытанні і атрымаць кансультацыю. Падсумоўваючы вынікі сустрэчы Цімур і Вольга заўважылі: "Калі вы хочаце дапамагчы блізкаму чалавеку вызваліцца ад алкаголю, задайце яму тры пытанні (лепш на 2-3 дзень пасля чарговага запою): "Ці хочаш ты перастаць ужываць алкаголь? Ці гатовы ты зрабіць усё дзеля гэтага? Ці гатовы ты сустрэцца з чалавекам, які вырашыў гэтую пралему для сябе і можа дапамагчы табе?" У выніку станоўчых адказаў неабходна звярнуцца ў аб'яднанне Ананімных Алкаголікаў, якія акажуць кваліфікаваную дапамогу.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by