"Малітва за памерлых — актыўны ўдзел у місіі збаўлення душаў" — гэта тэма канферэнцыі, над якой разважаў ксёндз доктар Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім. З'яўляючыся экзарцыстам Віцебскай дыяцэзіі, святар пабудаваў сваё выступленне на прыкладах з уласнага вопыту. Спасылаючыся на сведчанні святых і бласлаўлёных, а таксама візіі апантаных людзей, з якімі яму давялося працаваць, святар падкрэсліў, што душы чыстцовыя прагнуць нашай падтрымкі. Найперш — малітвы, найбольш дасканалай формай якой з'яўляецца святая Імша. Мы павінны таксама імкнуцца пазбягаць грахоў, асабліва тых, якія, магчыма, ужо сталі сямейным праклёнам. Такім чынам мы не толькі дапаможам нашым блізкім, якія знаходзяцца ў чыстцы, але і самім сабе, бо будзем набліжацца да святасці.