WYSIWYG Web Builder
Сустрэча ўдзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым
6 красавіка ў нашай парафіі прайшла чарговая сустрэча ўдзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым. Госцем спаткання стаў ксёндз Славамір Самковіч, куратар груп Апостальства Віцебскай дыяцэзіі, які цэлебраваў святую Імшу і прамовіў канферэнцыю на тэму "Чысцец вачыма Марыі Сіммы".
Падчас канферэнцыі ксёндз Славамір заахвоціў паразважаць над шэрагам важных пытанняў, якія закранула ў сваёй кнізе «Мой досвед з душамі чыстцовымі» містычка Марыя Сімма. Святар падкрэсліў, што гэтыя разважанні не з'яўляюцца дагматам, але візіі і перажыванні пэўнай канкрэтнай асобы, якая мела містычную сувязь з душамі чыстцовымі.

Што душы чыстцовыя ведаюць пра нас?

Душа памерлага чалавека ведае пра нас значна больш, чым мы можам меркаваць. Яна ведае наш унутраны стан, ці прысутнічаем мы на святой Імшы за памерлага, ці прымаем за яго душу святую Камунію. Наша задача маліцца за памерлых, а не проста прыйсці на пахаванне.

Наколькі важная святая Імша?

На шляху да вечнасці чалавеку неабходна імкнуцца знаходзіцца пастаянна ў стане асвячальнай ласкі, якая дапамагае ў змаганні з грахом і з самім сабой. На асвячальную ласку ўплывае наша шчырая споведзь, жаданне выправіцца і прыняцце святой Камуніі. Чым больш мы гэта практыкуем, тым больш багаты наш духоўны свет. Святыя Імшы, у якіх мы прымалі ўдзел, будуць нашым скарбам у вечнасці.

За якія грахі чалавек будзе найбольш пакутаваць у чыстцы?

Грахі супраць любові: паклёпы, знеслаўленне, непрымірымасць, сваркі з-за прагавітасці і зайздрасці вельмі караюцца ў вечнасці. Асцерагаймася асуджаць людзей альбо высмейваць каго-небудзь, бо гэта вельмі шкодзіць нашай душы.
Ці даецца поўная індульгенцыя ў момант смерці?

Калі чалавек у момант смерці моцна пашкадуе аб учыненых грахах, ён можа атрымаць поўную індульгенцыю (зняцце пакарання за грахі — заўв. аўт.), аднак гэта магчыма пры ўмове, што душа вольная ад зямных рэчаў.

Ці трапляюць у чысцец дзеці?

Так, і нават тыя, хто яшчэ не хадзіў у школу. Калі дзіця ведае, што рабіла нешта дрэннае, яно нясе пакаранне. Вядома ж, такія дзеці маюць лёгкі чысцец і працягваецца ён нядоўга, бо яны не маюць яго поўнага разумення. Але ніколі не гаварыце, што дзіця не разумее таго ці іншага. Дзіця разумее больш, чым мы думаем, і мае сумленне больш чуйнае, чым дарослы чалавек.
Падчас спаткання ксёндз Славамі Самковіч анансаваў трэцюю Дыяцэзіяльную сустрэчу Апостальства дапамогі душам чыстцовым, якая пройдзе ў кастрычніку гэтага года ў Лепелі і запрасіў ахвотных да ўдзелу ў ёй.

Даведка

Марыя Сімма нарадзілася 5 лютага 1915 года ў Сонтагу ў Альпах Форарльберга (Аўстрыя), памерла ў сакавіку 2004 года. Яна вядомая як пасрэдніца паміж душамі чыстцовымі і светам жывых. З дзяцінства Марыя была вельмі рэлігійнай і прагнула ўступіць у кляштар, аднак з-за слабога здароўя яе тройчы адтуль адпраўлялі. Прабыванне ў кляштары падрыхтавала яе да паклікання апосталкі душаў чыстцовых. Яе духоўнае жыццё характарызуецца вялікай любоўю да Маці Божай, прагненнем служэння душам, пакутуючым у чыстцы, і дапамогай місіям. Яна дала абяцанне чыстасці Найсвяцейшай Маці і цалкам прысвяціла сябе Багародзіцы, а таксама душам чыстцовым. У дадатак паабяцала стаць ахвярай любові і перапрашэння.

У 1968 годзе выйшла яе невялікая кніга «Мой досвед з душамі чыстцовымі» (на нямецкай мове, а потым на іншых мовах).


Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by