WYSIWYG Web Builder
Сустрэча ўдзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым
29 жніўня ў нашай парафіі прайшла чарговая сустрэча ўдзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым. Госцем спаткання стаў ксёндз Славамір Самковіч, куратар груп Апостальства Віцебскай дыяцэзіі, які цэлебраваў святую Імшу і прамовіў канферэнцыю на тэму "Смутак і радасць у духоўным жыцці".
Падчас канферэнцыі ксёндз Славамір заахвоціў вернікаў пераглядзець моманты смутку і радасці ў сваім жыцці і ўспомніць тыя моманты, калі былі сумнымі і прычыны гэтага. Прамоўца звярнуў увагу на тое, што на наш настрой, нашу рэчаіснасць і адносіны з іншымі людзьмі вельмі моцна ўплываюць эмоцыі. Мы часта знаходзім шмат апраўданняў для нашых грахоў і лічым, што ў іх вінаватыя абставіны або нехта іншы, але не мы. Мы ж наракаем на розныя праблемы: чагосьці не маем, хтосьці нас пакрыўдзіў, страцілі блізкага чалавека і г.д. Усё гэта становіцца прычынай нашага сумнага настрою, але гэта не павінна ў нас пераважаць, бо "самота — гэта адзін з цяжкіх грахоў у дарозе да нашага збаўлення" — падкрэсліў святар.
Спасылаючыся на апостала Паўла святар сцвердзіў, што радасць — гэта рыса хрысціянства. Радасць і матывацыя даюць сілы быць жывым і дзейсным нават людзям з абмежаванымі магчымасцямі. "Святы Фама Аквінскі казаў, што радасць — гэта следства любові"  — заўважыў прамоўца.

Завяршаючы канферэнцыю ксёндз Славамір прывёў словы святога Яна Марыі Віянэя: "мера любові друга чалавека заўсёды будзе прапарцыянальнай меры любові да Бога і да самога сябе. Перадусім шацунку да самаго сябе", тым самым заахвочваючы вернікаў звярнуць увагу на смутак і радасць у сваім духоўным жыцці, каб яно сапраўды стала хрысціянскім.
Падчас спаткання ксёндз Славамір Самковіч анансаваў пятую Дыяцэзіяльную сустрэчу Апостальства дапамогі душам чыстцовым і запрасіў ахвотных да ўдзелу ў ёй. Сустрэча адбудзецца 24 кастрычніка гэтага года ў касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце (Докшыцкі дэканат), у якім размяшчаецца абраз Маці Божай, Апякункі душаў чыстцовых.


Жанна Закрэўская

29.08.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by