WYSIWYG Web Builder
Сустрэча для міністрантаў
27 снежня ў катэхетычнай зале прайшла сустрэча для міністрантаў, госцем якой стаў семінарыст Ян Каськевіч. Падчас канікул звычайна заняткі для міністрантаў не праводзяцца, аднак хлопцы прыйшлі на спатканне, каб пазнаёміцца з асаблівасцямі навучання ў семінарыі з вуснаў яе студэнта.
Клерык Ян Каськевіч з'яўляецца студэнтам пятага курса Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Гродне і зараз знаходзіцца на канікулах. Семінарыст з радасцю адгукнуўся на запрашэнне расказаць пра сваю навучальную ўстанову.

Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне ў гэтым годзе адзначыла 35 гадоў свайго існавання. Заснаваў яе 1 верасня 1990 года арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Семінарыя размяшчаецца ў мурах былога кляштара айцоў бернардынаў, пабудаванага ў XVII стагоддзі і злучанага з велічнай святыняй Адшукання Святога Крыжа.

Выпуск студэнтаў Гродзенскай семінарыі, якія паступілі ў 1990 годзе, налічваў 21 чалавек. Сярод іх былі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і наш зямляк — ксёндз канонік Францішак Рудзь. За час свайго існавання ўстанова падрыхтавала амаль 230 выпускнікоў, у тым ліку пяцярых біскупаў.

Агулам 2025/2026 навучальны год распачалі 45 семінарыстаў. Сярод іх 31 паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі, сем – з Віцебскай, чатыры – з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і тры – з Пінскай дыяцэзіі.

У семінарыі створаны спрыяльныя ўмовы для навучання, духоўнага і фізічнага развіцця. Ёсць свая капліца, багатая бібліятэка, трэнажорная зала, сталовая, пакоі для заняткаў і самападрыхтоўкі, а таксама ўтульныя месцы для адпачынку.
Клерык Ян распавёў пра асаблівасці фармацыі і навучання ў семінарыі, звярнуў увагу на выкананне распарадку дня і абавязкі семінарыстаў. Хлопцы з цікавасцю слухалі выступоўцу і актыўна задавалі пытанні, бо шмат з пачутага было для іх новым. Напрыклад, нечаканым стаў той факт, што ў семінарыі святкуюць і адзначаюць толькі каталіцкія святы, да іх прымеркаваны і канікулы: восенню — да Усіх Святых, зімой — да Божага Нараджэння, а вясной — да Вялікадня, а вось у астатнія святы заняткі не адмяняюцца.

Сустрэча, падчас якой міністранты глыбей пазнаёміліся са святарскім служэннем і падрыхтоўкай да яго, праляцела хутка і незаўважна. Напрыканцы спаткання семінарыст Ян Каськевіч падкрэсліў, што кожнаму чалавеку неабходна імкнуцца як мага раней распазнаць сваё пакліканне, каб не змарнаваць яго. Найлепшай падтрымкай у гэтым з'яўляецца Бог. Трэба штодня прасіць у малітве Пана, каб Ён падказаў, да якой дзейнасці кліча.

Жанна Закрэўская

27.12.2025

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by