Урок маральнасці, на якім адбылася сустрэча са святаром, быў аранізаваны па ініцыятыве педагогаў установы адукацыі. На пачатку размовы ксёндз Алег Зямчонак звярнуў увагу на гісторыю стварэння свету і прызначэнне чалавека. Святар падкрэсліў, што важную ролю для кожнага з нас мае вера.
Разглядаючы праблему грахоў, кс.Алег спыніўся на пытаннях фарміравання ўзаемаадносін падлеткаў паміж сабой і з іншымі людзьмі. "Мы павінны заўсёды адносіцца да іншага чалавека з павагай, вучыцца прабачаць і быць абачлівымі ў нашых учынках і асабліва маўленні. Наша мова з'яўляецца не толькі паказчыкам культуры і выхавання, але і нашай духоўнасці, бо кожнае слова выходзіць з сэрца, таксама як і малітва да Бога. Калі мы вымаўляем брыдкія і непрыстойныя словы, мы абражаем сябе і Пана Бога. Вядома, што брыдкаслоўе можа балюча раніць іншага чалавека, але яно, найперш, разбурае нас саміх і вядзе да дэградацыі асобы. На парозе Вялікага посту варта задумацца над гэтым і зрабіць адпаведныя пастановы. Нашы пастановы павінны быць накіраваныя на нашае духоўнае ўзрастанне праз адмову ад забаў, дапамогу бліжняму і ўчынкі міласэрнасці" — падсумаваў прамоўца.