У Мёрах прайшла дыяцэзіяльная сустрэча святароў і кансэкраваных асоб
11 лістапада, ва ўспамін святога Марціна Турскага, у нашай парафіі прайшла сустрэча святароў і кансэкраваных асоб, якія працуюць на тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі. Такія спатканні праходзяць рэгулярна ў розных парафіях і накіраваныя на ўмацаванне малітоўнай еднасці і рэлігійнае ўзрастанне духавенства і кансэкраваных асоб.
Сустрэча распачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, што спрыяла духоўнай падрыхтоўцы да Эўхарыстыі, якую ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Адметным стаў той факт, што святая Імша цэлебравалася на лацінскай мове. Біскуп Алег падкрэсліў: "Сёння мы молімся на мове Касцёла, каб яна не была забытай і занядбанай, а таксама каб нам узгадаць пра нашу прыналежнасць да Паўсюднага Хрыстовага Касцёла".
У сваёй гаміліі ардынарый Віцебскай дыяцэзіі ўзняў важную і актуальную тэму для духавенства — "Служэнне Слову Божаму". Іерарх нагадаў святарам пра абавязак служэння Слову і служэнне словам. "Слова — адкрывае ўсім душам Божую праўду і вядзе да паяднання і перамены жыцця" — падкрэсліў біскуп Алег і заклікаў святароў адважна прамаўляць Божае слова, каб яно стала жывым і дзейсным.
Пасля Літургіі прайшлі тэматычныя сустрэчы. Канферэнцыю для духавенства на тэму “Прыярытэты Божага слова” прамовіў айцец Аляксандр Жарнасек МІС. Святар засяродзіў увагу на тым, што пазнанне Хрыста і Яго слова ляжыць у прыярытэце любой духоўнасці. Калі ж гэтага няма, усе іншыя віды духоўнасці становяцца хворымі.
Канферэнцыю для сясцёр на тэму "Удзел у місіі Касцёла кансэкраваных асобаў" прамовіў доктар біблійнай тэалогіі ксёндз Валерый Марціноўскі, які адзначыў, што ў кансэкраваным жыцці выяўляецца асаблівая сувязь з Касцёлам, якая, у сваю чаргу, прадугледжвае ўдзел у яго місіі.
Пасля канферэнцый духавенства і кансэкраваныя асобы змаглі абмеркаваць хвалюючыя пытанні з біскупам і кіраўнікамі дыяэцэзіяльных структур, а таксама набыць рэлігійную літаратуру ад выдавецтва “Про Хрысто”.

Жанна Закрэўская

11.11.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by