WYSIWYG Web Builder
Маё пакліканне – гэта любоў
1 кастрычніка ўспамін святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, панны і доктара Касцёла. У пятнаццацігадовым узросце яна ўступіла ў кармэліцкі кляштар у Лізьё, а праз дзевяць гадоў адышла ў вечнасць. Свой «малы шлях» да святасці св. Тэрэза прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету.
У 1923 годзе яе беатыфікавалі, а праз два гады — кананізавалі. У 1927 годзе Папа Пій XI абвясціў яе Апякункай місій нароўні са св. Францішкам Ксавэрыем.

У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Папа Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла. Яна стала трэцяй святой жанчынай у гісторыі Касцёла, якая атрымала гэты тытул. Свой духоўны вопыт Тэрэза апісала ў кніжцы «Гісторыя адной душы».

Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус – адна з самых вядомых і любімых святых ва ўсім свеце. У 2013 годзе Беларусь стала 76-й краінай свету, якая прымала рэліквіі св. Тэрэзы. Перэгрынацыя прайшла пад дэвізам паводле слоў святой: «Маё пакліканне — гэта любоў». Распачалася яна 1 чэрвеня ў мінскай архікатэдры, а завяршылася ў катэдральным касцёле ў Віцебску 28 жніўня.

20 жніўня рэліквіі сустракалі ў Мёрах.
Рэліквіярый для парэшткаў св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус быў ахвяраваны вернікамі Бразіліі і ўяўляе сабой аздоблены масіўны саркафаг. Ён размешчаны на драўлянай падстаўцы, якая мае 8 ручак. Такім чынам, рэліквіярый могуць несці чатыры, шэсць або восем чалавек. У ім — 4 жэрдкі, якія выцягваюцца, дзякуючы чаму рэліквіярый можна несці на плячах. Яго вага — 132 кг. Пастаянна рэліквіярый знаходзіцца ў кляштары кармэлітаў босых у Лізьё (Францыя).

Рэліквіі на спецыяльным аўтамабілі даставілі ў Мёры з Паставаў браты кармеліты босыя. Суправаджаў рэліквіяр з парэшткамі святой айцец Казімір Мараўскі ОСD, які падчас урачыстай Літургіі пазнаёміў вернікаў з жыццёвым і духоўным шляхам святой Тэрэзы.
Пасля Эўхарыстыі распачалася адарацыя рэліквій, у якой прынялі ўдзел не толькі мёрскія парафіяне, але і вернікі з Дзісны, Друі, Ідолта, Павяцця. Праз усю ноч святыня была адчынена і кожны меў магчымасць ушанаваць рэліквіі святой. Раніцай наступнага дня рэліквіі прадоўжылі перэгрынацыю.

Жанна Закрэўская

30.09.2024

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by