Гэта быў адказ Святога Айца на прапановы, з якімі выступіў шэраг епіскапатаў, а перадусім — манаскія інстытуты, у памяць пра Год святарства, які праходзіў у Касцёле з 19 чэрвеня 2009 года да 11 чэрвеня 2010 года.
У галоўнай літургічнай кнізе Касцёла — Рымскім Імшале — быў змешчаны фармуляр ватыўнай Імшы, якую святары часам цэлебруюць у першы чацвер месяца, молячыся аб пакліканнях і дзякуючы Езусу Хрысту за ўстанаўленне сакраманту Эўхарыстыі і святарства.
Днём новага свята быў вызначаны чацвер пасля нядзелі Спаслання Духа Святога — акурат за тыдзень да ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, шырока вядомай пад назваю Божага Цела. Аднак Папа Бэнэдыкт XVI не стаў уводзіць свята як абавязковае ва ўсім Касцёле, а даў магчымасць канферэнцыям біскупаў самастойна вызначыць, ці існуе ў іх краінах пастырская патрэба яго ўключэння ў мясцовы літургічны каляндар.
Назва «свята» паказвае на статус літургічнай цэлебрацыі. Найвышэйшы статус у літургічным календары маюць урачыстасці, а дзень, які адзначаецца як свята, мае ніжэйшы статус і не накладае на вернікаў абавязку ўдзелу ў святой Імшы і ўстрымання ад неабавязковай працы.
Новае свята дапоўніла цыкл літургічных святкаванняў, якія адзначаюцца пасля заканчэння Велікоднага перыяду.
Касцёл перажывае пасхальную радасць ад Уваскрасення Хрыста на працягу пяцідзесяці дзён. Таму ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, якая завяршае Велікодны перыяд, называецца таксама Пяцідзесятніцай або Сёмухай (сем тыдняў святкавання Пасхі).
Аднак Касцёл і ў іншыя літургічныя перыяды вяртаецца да Пасхальнай таямніцы Хрыста ў кожную нядзелю, якую называе днём Пана, або «малой Пасхай». У іншых урачыстасцях і святах мы духоўна перажываем розныя аспекты вялікай Божай справы збаўленння, каб глыбей спасцігаць таямніцы нашай веры і дзякаваць за іх Богу. Усе яны так ці інакш звязаныя з Пасхальнай таямніцай Хрыста, успамін якой адбываецца падчас святога Пасхальнага Трыдуума.