Эўхарыстыя
Хлеб Жыцця
У Святым Пісанні можам прачытаць такія словы: “Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень». (Ян 6, 53–54). Гэты фрагмент паказвае нам важнасць спажывання Хрыстовага Цела.
Перш за ўсё таму, што прыняцце Хрыста ў постаці Хлеба з’яўляецца магчымасцю валодання “жыццём у сабе”, а таксама задаткам вечнага жыцця і ўваскрашэння ў апошні дзень. Мы як хрысціяне павінны ўсведамляць важнасць і каштоўнасць прыняцця Хрыстовага Цела ў святой Камуніі. Толькі часам узнікае пытанне, як часта гэта рабіць і як доўга пасля сакраманту пакаяння?

Касцёльны наказ, а таксама Кодэкс кананічнага права падаюць, што кожны вернік, пасля таго, як упершыню прыняў Найсвяцейшую Эўхарыстыю, мае абавязак прымаць яе хаця б раз на год (параўн. ККП 920). Падобна і Катэхізіс каталіцкага Касцёла заахвочвае, каб вернікі заўсёды прымалі св. Камунію, калі ўдзельнічаюць у Эўхарыстыі, абавязваючы іх да гэтага як мінімум адзін раз на год, асабліва ў Велікодны перыяд. Але з іншага боку, Касцёл рэкамендуе прымаць Найсвяцейшую Эўхарыстыю ў нядзелю і святочныя дні або часцей, нават штодзённа (параўн. ККК 1389).

З гэтага вынікае, што не трэба быць мінімалістам у справе прыняцця Хрыстовага Цела, а сілкавацца эўхарыстычным Хлебам нават штодзённа. Рабіць гэта можа кожны, хто не здзейсніў пасля апошняй споведзі цяжкага граху. Сама святая Камунія мае моц вызвалення ад паўсядзённых грахоў, а гэта значыць, што не абавязкова хадзіць да споведзі кожныя пару дзён з кожным лёгкім грахом, каб прыняць Камунію.

Паўсядзённыя грахі прабачаюцца, калі мы абуджаем у сэрцы жаль за іх, таму на пачатку кожнай св. Імшы мы прамаўляем малітву ўсеагульнай споведзі і просім аб прабачэнні паўсядзённых грахоў.
Разам з тым трэба памятаць, што кожны хрысціянін пакліканы Богам да дасканаласці і да святасці: «Будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш нябесны» (параўн. Мц 5, 48). Таму належыць імкнуцца заўсёды прабываць у стане асвячальнай ласкі і не адкладаць паяднання з Богам і Касцёлам пасля смяротнага граху. Нават калі ўдаецца ўнікаць смяротных грахоў, нельга вельмі доўга трываць у лёгкіх грахах. Пажадана спавядацца не радзей, чым раз у месяц, асабліва перад вялікімі касцёльнымі святамі і перад важнымі жыццёвымі падзеямі. Калі мы маем сумненне, ці з'яўляецца ўчынак цяжкім грахом, лепш не прамаць святую Камунію або параіцца ў гэтым пытанні са святаром. Прымаць Цела Хрыста ў стане цяжкага граху нельга, бо гэта будзе новы цяжкі грэх.
Як падрыхтавацца да прыняцця святой Камуніі?

Кожны католік, рыхтуючыся прыняць святую Камунію, не павінен забываць пра тое, што акрамя малітоўнай падрыхтоўкі да прыняцця Цела і Крыві Пана, існуе яшчэ адна вельмі важная практыка — пост. Паводле сучасных нормаў (Кодэкс Кананічнага Права, 1983 г.) вернік у звычайных умовах абавязаны ўстрымацца ад спажывання ежы і пітва (акрамя вады і лекаў) за адну гадзіну перад прыняццем святой Камуніі (канон 919, § 1).

Колькі разоў на дзень можна прымаць Цела Хрыста?

Касцёльнае Права да­зваляе вернікам прымаць святую Камунію два разы ў суткі, якія лічацца ад апоўначы і маюць 24 гадзіны (канон 202), пры ўмове, што асоба будзе поўнасцю ўдзель­нічаць у другой св. Імшы, падчас якой можа прыняць Камунію (Інтэрпрэтацыйная камісія, 1984). Але гэтая норма не распаўсюджваецца на тых, каму даводзіцца пры­маць другі раз у той самы дзень святую Камунію ў якасці Віятыка (канон 917). Ня­гледзячы на тое, што ў звычайных умовах святую Камунію можна прымаць толькі два разы ў дзень, удзельнічаць у святой Імшы можна неабмежавана.

Які плён прыняцця Камуніі?

У Кодэксе каталіцкага Касцёла сказана (параўн. ККК 1391-1396), што прыняцце Цела Хрыста ўзмацняе нашу з Ім еднасць, захоўвае і развівае наша духоўнае жыццё, засцерагае нас ад пагрозы цяжкага граху і вызваляе ад паўсядзённых, стварае адзінае містычнае цела — Касцёл. Тыя, хто прымае Камунію, мацней злучаюцца з Хрыстом. Такім чынам эўхарыстычнае жыццё ўплывае на наша маральнае развіццё, умацоўвае ў добрым кірунку ўсе нашы пастановы і ўчынкі, дапамагае нам адкрыць вочы сэрца на бедных гэтага свету.

Ці можна прымаць святую Камунію ў інтэнцыі іншага чалавека?

Веруючая асоба па­він­на мець жаданне (намер) злучыцца з Богам у святой Камуніі з нейкай мэтай. Гэтая мэта (намер) можа датычыць асабіста самога прымаючага, нейкай іншай асобы (жывой ці памерлай) або нейкай справы. Інтэнцыя прымаючага святую Камунію звычайна канкрэтызуецца ў вельмі падрабязных малітоўных намерах. Напрыклад, гэта можа быць просьба да Бога аб вызваленні ад магчымых пасмяротных пакутаў нейкай блізкай асобы або маленне аб навяртанні кагосьці, каму патрэбна інтэнсіўная духоўная падтрымка. Ахвяраванне пладоў прынятай святой Камуніі ў інтэнцыі кагосьці ці чагосьці блізкае да таго, што мы называем заступніцкай малітвай.

Святую Камунію нельга прымаць замест кагосьці. Сакрамэнт сапраўдны толькі для таго, хто яго прымае. Калі вернік не прымае святую Камунію, ён не мае і яе пладоў. А той, хто яднаецца з Богам у Эўхарыстыі, напаўняецца ўсімі яе пладамі, і толькі дзякуючы гэтаму напаўненню можа па­дзяліцца атрыманым багаццем з іншай асобай. Вернік пасля святой Камуніі знаходзіцца ў якасна іншым духоўным кантакце з Богам, прабываючы ў асаблівай сувязі з Хрыстом (у стане асвячальнай ласкі). Тады і інтэнцыі, і малітвы такой асобы выглядаюць зусім інакш — больш дасканала.

Ахвяраванне пладоў удзелу ў святой Камуніі, нягледзячы на нашую вельмі канкрэтную просьбу ці патрэбу, павінна пакінуць Богу поўную свабоду. Кожная сапраўдная хрысціянская малітва заканчваецца прагненнем, каб было так, як гэтага жадае Бог, а не чалавек, бо наша воля і найлепшыя намеры (жаданні, інтэнцыі) могуць быць памылковымі і нават шкоднымі ў далейшай і недаступнай нашай логіцы перспектыве. Таму неабходна пакінуць Богу поўную свабоду дзеяння.

Паводле каталіцкіх сайтаў

22.04.2023
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by