WYSIWYG Web Builder
Ларэтанская літанія молімся асэнсавана
У маі мы асаблівым чынам молімся да Маці Божай Ларэтанскай літаніяй. Яе заклікі добра знаёмыя нам з дзяцінства. Толькі, на жаль, часта не ўсе з іх мы добра разумеем, і гэта можа перашкаджаць нам у засяроджанай малітве. Прапануем паразважаць над некаторымі заклікамі Ларэтанскай літаніі, каб адкрыць для сябе іх глыбокі сэнс.
Маці найцудоўнейшая

На лацінскай мове гэты заклік гучыць як Mater Admirabilis і перакладаецца як Маці, якая выклікае захапленне, адарацыю. Калі мы глядзім на Марыю, Яе жыццё, ласкі, якія Яна атрымала ад Бога, і Яе ролю ў гісторыі збаўлення, мы захапляемся Ёю. Аднак цікава задумацца, што Яна сама павінна была таксама адчуваць гэта захапленне і ўсведамляць тое, што Яна і Яе жыццё найцудоўнешыя. Часта ў нас такія думкі выклікаюць цяжкасці, бо адразу суадносяцца з пыхай. Безумоўна, празмернае захапленне сабой можа перарасці ў пыху, аднак Марыя заўсёды была найпакорнейшай. Напэўна, Найсвяцейшая Панна Марыя ўсведамляла, што Яна выбраная быць Маці самога Бога, адораная шматлікімі ласкамі і ўмілаваная Богам і адначасова разумела, што гэта Бог сам выбраў Яе і падрыхтаваў да прыняцця такіх вялікіх ласкаў. Менавіта ў гэтым крыецца сэнс сапраўднай пакоры — захапляцца дабром, якое мы ў сабе маем, і адначасова разумець, што гэта не наша заслуга, а Божы дар.

Ад Марыі мы можам вучыцца ўсведамляць тое, што мы абраныя Богам, што мы Яго цудоўныя стварэнні, якія Ён адорвае сваімі незлічонымі дарамі, аднак у той жа час памятаць, што ўсё гэта з’яўляецца не нашай асабістай заслугай, а Божым дарам. І менавіта ўсведамленне таго, што мы цудоўныя і вартыя захаплення, будзе праслаўленнем Бога і захапленнем нашым Стварыцелем.

Маці добрай рады, маліся за нас!

Культ Маці добрай рады пачаўся яшчэ ў XV стагоддзі ў Джэнаццана (Італія). На абразе Маці добрай рады мы бачым Марыю з Дзіцяткам Езусам, якія прытуляюцца шчокамі адно да аднаго. Хрыстус мае рысы твару дарослага чалавека, а Яго позірк поўны мудрасці. Марыя, апусціўшы вочы, злегку схіляецца да Сына, які вучыць Яе і настаўляе. Усё сваё жыццё Марыя ўслухоўвалася ў словы Хрыста і разважала над імі, пераасэнсоўвала іх у сваім сэрцы. Чытаючы Евангелле, мы заўважаем, што Марыя не заўсёды ра­зумела Хрыста і Яго дзеянні. Яна не валодала звышведамі, была проста чалавекам, але такім, які заўсёды ўважліва прыслухоўваўся да голасу Бога. Не Марыя — крыніца добрых радаў, але Езус; і Багародзіца, да канца здзейсніўшы Яго волю ў сваім жыцці, можа падказаць нам шлях, па якім Бог хоча весці кожнага з нас. Менавіта таму квінтэсенцыяй гэтага закліку маглі б быць словы, з якімі Марыя звяртаецца да слугаў у Кане Галілейскай: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».

Сталіца мудрасці, маліся за нас!

На іконе Марыі сталіцы мудрасці мы бачым Багародзіцу, перад якой стаіць Хрыстус падлетак і трымае Святое Пісанне. Першае, што нам трэба зразумець, што Марыя чэрпала мудрасць ад свайго Сына, калі прабывала з Ім, насіла Яго ва ўлонні, а потым захоўвала Яго словы ў сваім сэрцы. Але што гэта за мудрасць? Гэта геніяльная мудрасць Евангелля, тлумачыць святы Павел. Апостал кажа, што мудрасць Евангелля — гэта мудрасць крыжа, мудрасць, дзякуючы якой можна пераадолець цяжкасці, вытрываць тое, што чалавеку вытрываць проста немагчыма. І калі мы кажам пра Марыю як пра Сталіцу мудрасці, то ўшаноўваем Яе як тую, якая прайшла ў сваім жыцці праз усе выпрабаванні, не адводзячы вачэй ад Бога, крыніцы мудрасці, і дзякуючы гэтаму не страціла надзею там, дзе, здавалася б, надзеі ўжо няма. У гэтым закліку Марыю называюць Сталіцаю, вялікім, магутным горадам. Чаму? Таму што Яна настолькі глыбока прыняла мудрасць Хрыста, што гэта ўчыніла Яе вялікаю і збудавала ўсё Яе жыццё.

Вежа Давідава, маліся за нас!

Кароль Давід на адным з пагоркаў Ерузалема, там, дзе стаяў яго палац, пабудаваў вежу, якая павінна была абараняць горад і ўмацоўваць яго межы. Марыя, дзякуючы таму, што ў Ёй здзейснілася, таксама можа стаць крэпасцю, умацаванаю вежаю, якая здольная абараніць Новы Ерузалем. Яе муры пабудаваныя на адносінах з Богам. Усё, што мае Марыя, Яна мае ад Пана Езу­са. Усё, што Яна можа раздаць, чым можа паблагаславіць, Марыя мае ад Бога. Касцёл бачыць у Багародзіцы сваю вежу, якая непахісна стаіць на Божым падмурку: прыняўшы ва ўсёй паўнаце дар чысціні сэрца, Марыя можа ўсцерагчы ад зла і нас.

У Песні песняў чытаем: «Як вежа Давідава — шыя твая, пабудаваная з умацаваннямі, тысяча шчытоў павешана на ёй, усё зброя моцных» (гл. Пп 4, 4). Гэтыя сімвалы ўжываюцца ў кантэксце любові паміж дзвюма душамі. Звяртаючыся да Багародзіцы словамі «Вежа Давідава», мы як бы кажам: «Марыя, Ты дазволіла Богу палюбіць Цябе, дазволіла Яго любові напоўніць Цябе». Хрыстус гэтаксама з любоўю глядзіць і на нас, параўноўваючы кожнага з вежаю Давідавай, якую Ён сам умацоўвае і падтрымлівае. Згадзіцца на Божую любоў і дапусціць яе да сябе — гэта вялікае майстэрства, якому мы вучымся ў Марыі.

Ружа містычная, маліся за нас!

Як ільва называюць каралём звяроў, так і ружу прынята лічыць каралеваю кветак. Параўноўваючы Марыю з ружаю, мы гаворым пра Яе асаблівую прыгажосць, Яе незвычайнасць, што вылучае Багародзіцу сярод іншых кветак, асабліва ў сферы духу. Цікава, што ў гэтым закліку мы можам таксама ўбачыць вобраз гэтага свету, які ў вачах Духа Святога выглядае як сад цудоўных кветак. Кожны з нас — непаўторная кветка. У Божым садзе сапраўды ёсць гэтая асаблівая ружа — Панна Марыя, якая здолела рэалізаваць у сваім жыцці ўсю прызначаную для Яе Божую волю. Менавіта тады, калі чалавек напоўніцу рэалізоўвае Божы план, у ім праяўляецца ўся прыгажосць яго істоты, у тым ліку і знешняя. Марыя была найпрыгажэйшаю жанчынаю ў свеце, таму што ў Яе вачах, рысах твару, усмешцы, позірку, валасах, маршчынках не было следу зла.
Прычына нашай радасці, маліся за нас!

«Узрадуюся ў Пану, узвесяліцца душа мая ў Богу маім; бо Ён апрануў мяне ў шаты збаўлення, плашчом справядлівасці ахінуў мяне, як жаніха, увянчаў каронай, як нявесту, упрыгожыў сваімі каштоўнасцямі» (Іс 61, 10). Ад самага пачатку Касцёл укладаў гэтыя словы ў вусны Марыі, якія, зрэшты, нагадваюць пра Яе Магніфікат. Ва ўрыўку з прароцтва Ісаі мы чытаем, што душа ўзвесялілася, бо атрымала ад Пана дзве шаты: збаўлення і справядлівасці.

Шаты збаўлення азначаюць, што я атрымаў штосьці дарма, штосьці, што пераўзыходзіць усялякае маё разуменне, да чаго я не падрыхтаваны, дзеля чаго я не працаваў. Збаўленне — гэта дар. І першае, што мы бачым у Марыі, — гэта радасць ад атрыманага збаўлення. Анёл прыходзіць да Марыі і кажа: «Вітай, Марыя!», а даслоўна: «Радуйся!»; «поўная ласкі» — гэта значыць, што «Бог Цябе ўсім адарыў, Ты ўсё атрымала»; «Пан з Табою» — «Пан хоча быць блізка Цябе», а шаты справядлівасці можна разумець як жыццё, згоднае з праўдаю. Марыя, усвядоміўшы велічыню атрыманага дару збаўлення, адчувае радасць, калі адказвае на яго Богу сваім годным, праведным жыццём.

Урывак з прароцтва Ісаі заканчваецца словамі пра жаніха і нявесту. Марыя стала не проста тою, якая выконвала закон і спаўняла запаведзі, Яна стала любаю душою Бога і ўвайшла з Ім у нязвыкла блізкія адносіны, што і прывяло да паўнаты Яе радасці ў Пану.

Брама нябесная

Першая думка, якая, напэўна, узнікае, калі мы называем Марыю Брамаю неба, дастаткова зразумелая: мы можам уявіць унутраны горад, што сімвалізуе неба, і знешні — наш свет. Марыя стала «Брамаю неба», бо менавіта праз Яе Бог у чалавечым целе прыйшоў на гэты свет. Аднак варта паразважаць над гэтым заклікам у святле гісторыі біблійных часоў. У археалагічных і гістарычных даследаваннях адзначаецца, што брама ў старажытныя часы была адным з найважнейшых месцаў у горадзе. Менавіта ў будынках каля брамы мясціліся грамадскія і судовыя ўстановы, вялося актыўнае грамадскае жыццё, знаходзіліся гандлёвыя і рамесніцкія лаўкі, таму што рынкі ўзніклі толькі ў Сярэднявеччы. Калі ворагі атакавалі горад, то першым і найважнейшым пунктам, які яны хацелі захапіць, была менавіта брама, што адкрывала доступ да горада. Марыя як Брама — гэта тая, у якой усё адбываецца: Яна стала месцам супольнага жыцця і правасуддзя, абаронаю ад атакаў злога. Гэта жанчына стала незвычайным месцам сустрэчы Бога з чалавекам. Найперш Яна сама для сябе стала Брамаю, дзе сустракалася з Богам, і такою Брамаю Яна стала для кожнага чалавека. Яна стала месцам кантакту з Богам, міласэрнасці і магутнай абароны ў барацьбе са злым духам. Марыя стала цэнтрам, у якім бурліць Божае жыццё. Нам трэба вучыцца ад Яе быць для сябе і бліжніх тою духоўнаю брамаю, дзе іншы чалавек можа сустрэцца з Богам, спазнаць любоў, падтрымку і прабачэнне.

Аздараўленне хворых

Гэты заклік дастаткова просты для разумення, у ім няма складанай сімволікі або незразумелых словаў. Мы называем Марыю той, якая можа дапамагчы нам у атрыманні здароўя. На лацінскай мове гэты заклік гучыць Salus infirmorum і перакладаецца як «здароўе хворых».

Вядома, што ўжо ў XVI стагоддзі Марыю пачалі называць Аздараўленнем хворых, або Здароўем хворых. Гэта вызначэнне найперш абумоўлена тым, што Яна з’яўляецца маці, а маці — гэта першы чалавек, які займаецца сваім хворым дзіцем. Марыя, якую Бог даў Касцёлу і кожнаму чалавеку як Маці, апякуецца намі таксама ў хваробах і цярпеннях. Аднак варта правільна тэалагічна разумець гэты заклік. Нягледзячы на тое, што мы называем Марыю Аздараўленнем хворых, мы ведаем, што Марыя не мае моцы аздараўляць і чыніць цуды. Кожны, хто хоць крыху знаёмы з тэалогіяй, ведае, што ніводзін святы, у тым ліку і Марыя, не мае ў сабе моцы аздараўлення. У святых і Марыі мы бачым тых, хто прабывае з Езусам так блізка, што Езус праз іх, іх святасць і блізкасць з Богам можа ўчыніць цуд аздараўлення. У Евангеллі мы чытаем, што Езус сказаў: «Хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца» (Ян 14, 12). Марыя была першай сярод тых, хто паверыў у Хрыста, таму мы не баімся называць Яе Аздараўленнем хворых, бо ведаем, што гэта не Яе моц, але дзякуючы Яе веры і блізкасці з Езусам Ён можа без усялякіх перашкодаў дзейнічаць у Ёй і праз Яе ўдзяляць нам сваю ласку.

У Рыме ў касцёле святой Марыі Магдалены ёсць абраз Марыі пад назваю Аздараўленне хворых. На гэтым абразе Марыя прадстаўлена ў чорным плашчы, які сімвалізуе смутак, боль і цярпенні. Вельмі часта маці не ў стане аздаравіць сваё дзіця, нават калі моцна гэтага жадае і нават гатовая аддаць яму сваё жыццё; тады яна проста знаходзіцца побач з дзіцем, разам з ім церпіць і перажывае яго боль. Абраз Марыі Аздараўлення хворых не паказвае Марыю поўную моцы, з паднятымі рукамі, якая ў імя Езуса аздараўляе кожнага, хто да Яе прыходзіць, але прадстаўляе Яе як тую, якая лучыцца з намі ў цярпенні. Неабходна разумець, што калі мы звяртаемся да Марыі Аздараўлення хворых, мы можам атрымаць ад Бога ласку здароўя, калі на гэта будзе Яго воля, аднак калі воля Бога будзе іншаю, то ў Маці мы знойдзем узмацненне і суцяшэнне ў сваім цярпенні. На абразе Аздараўленне хворых Марыя паўстае перад намі як Маці, якая знаходзіцца побач са сваімі дзецьмі, суцяшае іх, яднаецца з імі ў цярпенні і хоча ім дапамагчы.

Каралева супакою

Самы просты варыянт разумення гэтага закліку датычыцца супакою ў свеце, свабоды і адсутнасці войнаў, канфліктаў і гвалту. Такі варыянт цалкам абгрунтаваны гістарычна. Заклік Каралева супакою дадаў у тэкст Ларэтанскай літаніі папа Бэнэдыкт XV у 1917 годзе. У гэты час адбывалася Першая сусветная вайна і ў людзей было адчуванне, што жах, жорсткасць і цярпенні ніколі не скончацца. Менавіта тады папа Бэнэдыкт XV абвясціў Марыю Каралеваю супакою, каб заахвоціць людзей у Ёй шукаць падтрымку і праз Яе заступніцтва маліцца ў інтэнцыі спынення вайны.

Важны яшчэ адзін аспект гэтага закліку. Вядомае выказванне святога Аўгустына нагадвае, што неспакойнае сэрца чалавека, пакуль не знойдзе супакою ў Богу. Кожны чалавек адчувае ў сабе неспакой да таго часу, пакуль не знойдзе сябе ў сэрцы Бога. Марыя ўсё сваё жыццё «акунула» ў Бога, дарэшты прысвяціла сябе Богу і цалкам Яму аддалася, таму Яна з’яўляецца Апякункаю такога супакою. Наша штодзённае жыццё напоўнена неспакоем, які неабавязкова звязаны з канфліктамі: мы хвалюемся аб будучыні, дзецях, краіне, здароўі, фінансах, прафесійным жыцці. Здаецца, што некаторыя людзі жывуць у заўсёдным адчуванні небяспекі і неспакою. Марыя — Каралева супакою, бо Яна ведае, як дазволіць Богу кіраваць сваім жыццём, нягледзячы на ўсе неспакойныя сітуацыі, якія у ім адбываюцца. Марыя сама перажыла цяжкія сітуацыі: забойства бэтлеемскіх немаўлятаў, уцёкі ў Егіпет, бяздомнасць, пераслед з боку ўлады, нянавісць да свайго Сына, балючыя словы фарысеяў у адрас Езуса, муку, смерць і грабніцу Хрыста. Яе жыццё было напоўнена небяспекай. Няўжо ў Яе сэрцы не ўзнікаў неспакой? Напэўна, узнікаў, але Яна аддавала яго Богу. Марыя жыла ўпэўненасцю: што б ні зрабіў Бог, гэта будзе добра, бо толькі Бог ведае, што робіць, таму Яна — Каралева супакою і аддання сябе Богу. Нам трэба прасіць Марыю аб заступніцтве як у справах, звязаных з агрэсіяй і войнамі, так і ў штодзённым жыцці, і звяртацца да Яе, каб Яна вучыла нас «акунацца» ў супакой Бога і ўсведамляць, што Бог заўсёды трымае нас у сваіх далонях.

Паводле Ave Maria 2019, 2021
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by