WYSIWYG Web Builder
Традыцыя, што вучыць дабрыні
На вуліцы лета — час радаснага адпачынку для дзяцей. Каб гэты час прайшоў з карысцю, у навучальных установах працуюць аздараўленчыя лагеры. У нашай парафіі склалася добрая традыцыя — наведваць у гэты перыяд Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе займаюцца "асаблівыя" дзеці.
Выхаванцы карэкцыйнага цэнтра, маюць пэўныя цяжкасці ў наладжванні зносін з дарослымі і аднагодкамі, аднак, як і ўсе мы, прагнуць увагі, новых знаёмстваў, станоўчых эмоцый і цеплыні. Каб сацыяльная адаптацыя дзяцей праходзіла паспяхова, педагогі запрашаць да супрацоўніцва навучальныя ўстановы, тэрытарыяльны цэнтр і іншыя арганізацыі. Тры гады назад гасцямі цэнтра ўпершыню сталі дзеці і моладзь нашай парафіі на чале з пробашчам ксяндзом Андрэем Куліком. З той пары сустрэчы праходзяць рэгулярна падчас работы выхаваўча-аздараўленчага лагера.

Сёлета лагер "Вясёлая планета" наведалі дзяўчаты, якія займаюцца на занятках па рэлігіі і спяваюць у дзіцячым парафіяльным хоры. Пад кіраўніцтвам арганісткі Яўгеніі Баговіч дзеці выканалі некалькі песень і падаравалі вясёлы і бадзёры настрой усім прысутным.
Пасля невялічкага канцэрта, распачалася забаўляльная праграма пад адкрытым небам, якую падрыхтавалі педагогі цэнтра. Дзяўчаты разам з выхаванцамі прынялі ўдзел у конкурсах і іспытах, а дарослыя дапамагалі "асаблівым" дзецям у выкананні пэўных выпрабаванняў.

Як адзначыў пробашч парафіі кс.Андрэй Кулік, такая форма супрацоўніцтва мае вельмі важнае значэнне ў выхаванні дзяцей і моладзі. Падчас узаемадзеяння яны вучацца не толькі дарыць іншым радасць, але і быць церпялівымі, адкрытымі, здольнымі праяўляць эмпатыю. 

Жанна Закрэўская, тэкст

Фота ўдзельнікаў сустрэчы

04.06.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by