Святы Пасхальны Трыдуум
Велікодны або Пасхальны Трыдуум — гэта трохдзённыя набажэнствы на ўспамін пакутаў, смерці і ўваскрасення Хрыста, якія распачынаюцца ўвечары ў Вялікі чацвер і завяршаюцца ў Велікодную нядзелю. Трыдуум — гэта ўрачыстае адзначэнне падзеяў, з якіх складаецца сутнасць нашай веры. Іх кульмінацыяй з’яўляецца Пасхальная вігілія, якая распачынаецца ўначы ў Вялікую суботу, калі мы святкуем уваскрасенне Хрыста з мёртвых. На працягу ўсіх гэтых дзён мы ўзгадваем падзеі, з якіх складаецца хрысціянская вера.

Вялікі чацвер

У Вялікі чацвер Касцёл адзначае ўстанаўленне Езусам сакрамантаў Эўхарыстыі і святарства.
Мы дзякуем Богу ў гэты дзень за дар Эўхарыстыі (Камуніі), у якой прысутнічае Хрыстос. Мы таксама памятаем і молімся ў гэты дзень за святароў, якіх Бог паставіў на нашым духоўным шляху, выпрошваючы для іх святасць.

Раніцай Вялікага чацвярга (або раней, на Вялікім тыдні) святары ўсёй дыяцэзіі збіраюцца разам з біскупам на ўрачыстую святую Імшу, каб аднавіць свае святарскія прысягі. Падчас гэтай Імшы асвячаецца алей, які выкарыстоўваецца для ўдзялення сакрамантаў.

Увечары ў касцёлах адбываецца Імша, якую называюць Імшой Вячэры Пана. Напрыканцы літургіі келіх з гостыямі ставіцца на алтар і акаджваецца. Табэрнакулюм застаецца адкрытым і пустым, святар ідзе ў працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамантам да часовага алтара, дзе той застанецца да Вялікадня. Гэты алтар, упрыгожаны свечкамі і кветкамі, сімвалізуе Аліўны сад, дзе Езус у агоніі чакаў арышту. Ён прасіў Апосталаў чуваць і маліцца разам з Ім, і гэтак жа Ён запрашае і нас: «Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое» (Мц 26, 41).
Вялікая пятніца

У Вялікую пятніцу мы ўзгадваем істотныя падзеі, якія вызначаюць нашую веру ў Хрыста: калі б Ён не пакутаваў і не памёр за нас, Яго ўваскрасенне ў Велікодную нядзелю не было б магчымае. Для нашых адносінаў з Езусам вельмі важна, каб у гэты дзень, самы цяжкі дзень у Яго жыцці, мы знайшлі час, каб пайсці ў касцёл.
Праз малітву, пакаянныя практыкі і пост вернікі далучаюцца да ўдзелу ў Муцы Пана.

У Вялікую пятніцу не цэлебруецца святая Імша, а адбываецца набажэнства, якое мае назву літургія Мукі Пана. Літургія Вялікай пятніцы пачынаецца так: святар цэлебрант і асістэнты ўваходзяць у цішыні, апранутыя ў чырвоныя шаты, і распасціраюцца на падлозе тварам уніз перад алтаром. Усе іншыя ўкленчваюць. Пасля першага (Іс 52, 13–53, 12) і другога (Гбр 4, 14–16; 5, 7–9) чытанняў гучыць апісанне мукі Пана з Евангелля паводле святога Яна (Ян 18, 1–19, 42). Калі чытаюцца словы аб смерці Езуса, усе становяцца на калені. Пасля прамаўляецца ўрачыстая малітва вернікаў за Касцёл, за тых, хто рыхтуецца да хросту, за еднасць хрысціянаў, за габрэяў, за тых, хто не верыць у Бога, за тых, хто кіруе дзяржавамі, за церпячых.

Пасля пачынаецца адарацыя Крыжа. Урачыста ўносіцца вялікі крыж паміж дзвюх палаючых свечак. Святар здымае покрыва з крыжа, адкрываючы яго людзям як знак звышчалавечай ахвяры, якую Езус здзейсніў дзеля нас. Тройчы спяваецца малітва: «Вось дрэва Крыжа, на якім памёр Збаўца свету», і ўсе людзі адказваюць: «Пойдзем з паклонам». На некаторы час усе прысутныя кленчаць у маўклівай адарацыі. Пасля ў знак сваёй любові да Езуса мы падыходзім, каб пацалаваць крыж. Гэта дапамагае ўсвядоміць, што Езус просіць кожнага ўзяць на сябе крыж і пайсці за Ім (Мк 8, 34). Ахвяра Езуса на крыжы і ахвяра святой Імшы — адно і тое ж, таму нават у гэты дзень успаміну Ягонай смерці мы можам атрымаць Эўхарыстыю, змешчаную на часовым алтары ў Вялікі чацвер. Пасля малітвы на заканчэнне  святар у цішыні сыходзіць. Крыж застаецца ў пустым цёмным касцёле, асветленым толькі дзвюма свечкамі ў знак таго, што святло Божае пераможа нават найцямнейшае зло. 
Вялікая субота

У Вялікую суботу Касцёл прабывае каля гробу Пана, разважаючы пра Ягоную муку і смерць, а таксама пра Яго сыходжанне ў адхлань і ў малітве і посце чакаючы Яго ўваскрасення.
Пасхальная Вігілія
У ноч з суботы на нядзелю паводле найстаражытнейшай традыцыі адбываецца чуванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана. Вігілія гэтай ночы, якая з’яўляецца найважнейшай і найбольш значнай з усіх урачыстасцяў, уключае шмат прыгожых старадаўніх абрадаў. Пачынаецца яна з Літургіі святла, падчас якой адбываецца благаслаўленне агню і пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам Хрыста і важным элементам літургіі. Затым спяваецца старадаўні грыгарыянскі спеў Exsultet, у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана, пасля чаго ў Літургіі Слова, значна больш працяглай, чым звычайна, Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва. Трэцяя частка Вігіліі — гэта Літургія Хросту, падчас якой асвячаецца вада і адбываецца хрост тых, хто рыхтаваўся прыняць гэты сакрамэнт, а ўсе астатнія вернікі аднаўляюць свае хросныя абяцанні. Нарэшце, адбываецца Эўхарыстычная Літургія, у якой адбываецца ўспамін смерці і ўваскрасення Пана праз складанне ў постацях хлеба і віна ахвяры Яго Цела і Крыві.   Пасля святой Імшы на досвітку адбываецца рэзурэкцыйная працэсія.

Паводле каталіцкіх сайтаў  аve-maria.by, catholic.by.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by