У Вялікі чацвер распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум
Увечары ў Вялікі чацвер, які ў гэтым годзе прыпадае на 6 красавіка, ва ўсіх святынях цэлебруецца Імша ва ўспамін Апошняй Вячэры, якая распачынае Святы Пасхальны Трыдуум. Гэта тры святыя дні, калі мы будзем разважаць пра ўстанаўленне сакрамантаў Эўхарыстыі і пасвячэння, пра муку і смерць нашага Пана Езуса Хрыста, а таксама пра Яго Уваскрасенне.
У Вялікі чацвер мы aдкрываемся на сакрамант Эўхарыстыі як на хлеб жыцця, які неабходны чалавеку для выратавання душы. Мы зноў перажываем прыняцце святой Камуніі, якая дае магчымасць з’яднацца з Найвышэйшым. На ўзор Хрыста, які прынізіў сябе, імкнемся старанна служыць у братэрскай любові бліжняму.

Разважаючы над падзеямі Апошняй Вячэры, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік заўважыў: "Вялікія Божыя рэчы адбываюцца ў звычайных умовах, яны ёсць і ў нашым жыцці. Бог прыходзіць да нас кожную нядзелю і кожны дзень, калі мы прысутнічаем на святой Імшы, слухаем Слова Божае і спажываем Цела Хрыста, а, прынамсі, маем магчымасць супольнай малітвы. Супольная малітва — гэта вялікі дар, які Бог нам пакінуў праз Езуса Хрыста. Вялікай пакоры і мудрасці патрабуе ад нас разуменне таго, што супольнасць — гэта частка нашага жыцця, гэта тое, без чаго я не магу існаваць. Менавіта падчас супольнай малітвы Эўхарыстыі Езус прысутнічае сярод нас і дае спажываць Сваё Цела і Кроў."
У Вялікі чацвер Касцёл адзначае ўстанаўленне Езусам не толькі сакраманта Эўхарыстыі, але і святарства. З гэтай нагоды парафіяне выказалі словы шчырай ўдзячнасці за душпастырскую апеку пробашчу парафіі ксяндзу Андрэю Куліку. Віншаванні з днём святарства прагучалі таксама ў бок клерыка Яна Каскевіча, які зараз праходзіць святарскую фармацыю.
Напрыканцы літургіі Найсвяцейшы Сакрамант у працэсіі быў перанесены да часовага алтара. Гэты алтар, упрыгожаны свечкамі і кветкамі, сімвалізуе Аліўны сад, дзе Езус у агоніі чакаў арышту. Ён прасіў Апосталаў чуваць і маліцца разам з Ім, і гэтак жа Ён запрашае і нас: «Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое» (Мц 26, 41).
Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту ў нашай святыні адбывалася да 21-ай гадзіны.

Жанна Закрэўская, паводле каталіцкіх сайтаў
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by