Адразу ж пасля літургіі ў Вялікі чацвер не спяшайцеся ісці да цямніцы Пана, пабудзьце крыху на сваім месцы, бо ў гэты момант адбываецца штосьці вельмі важнае, што звычайна людзі не заўважаюць. А менавіта, калі святар пойдзе ў сакрыстыю, усё, што знаходзіцца на алтары, павінна быць прыбрана. Застанецца толькі пусты, «голы» алтар, не прыкрыты нічым. Гэта важны сімвал, як быццам узялі чалавека і здзерлі з яго шаты. Што і адбываецца насамрэч, бо Хрыстус менавіта пасля гэтай літургіі ў Вялікі чацвер уваходзіць у стан поўнага прыніжэння. Вядома, што Яго ўцелаўленне ўжо было прыніжэннем, але менавіта з моманту Апошняй Вячэры Ён нібы кажа: «Забірайце ўсё. Можаце ўзяць Мяне ўсяго і не таму, што вы гэтага хочаце, а таму, што Я вам гэта дазваляю». Ён сам дазваляе парваць сябе на шматкі, дазваляе такое поўнае прыніжэнне, бо любіць…
Вялікая пятніца
У Вялікую пятніцу Касцёл успамінае муку і смерць нашага Збаўцы Езуса Хрыста, таму хрысціяне павінны душою і сэрцам яднацца з Касцёлам у адзначэнні гэтага дня, які з’яўляецца найважнейшым у справе іх адкуплення; павінны асаблівым чынам разважаць пра муку і смерць Езуса Хрыста, абуджаць у сабе найбольшую любоў да Яго і адчуваць вялікі боль за тое, што нашыя грахі прынеслі Збаўцы столькі пакутаў. Вернікі павінны імкнуцца ў душы падзяляць Яго цярпенне, яднаючы з ім цялеснае вырачэнне, павялічваючы ў гэты дзень строгасць посту і молячыся за ўсіх людзей.
У гэты дзень не цэлебруецца святая Імша, а адбываецца набажэнства, якое мае назву літургія Мукі Пана. Важным момантам набажэнства з’яўляецца адарацыя Крыжа.