Урачыстасць Аб'яўлення Пана
6 студзеня Касцёл адзначае ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. У гэты дзень успамінаем пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары: золата, ладан і смірну. Касцёльная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі (адсюль іншая назва свята — Тры Каралі), а іх пакланенне сімвалізуе пачатак Божага Аб’яўлення язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі.
У Евангеллі гаворыцца, што ў час нараджэння Хрыста «прыйшлі ў Ерузалем мудрацы з Усходу і кажуць: Дзе нованароджаны Кароль Юдэйскі?» (гл. Мц 2, 1). Што гэта былі за людзі, з якой краіны і якой рэлігіі – пра гэта евангеліст не дае аніякіх звестак. Але далейшыя словы мудрацоў пра тое, што яны прыйшлі ў Ерузалем, бо «ўбачылі на Усходзе зорку Караля Юдэйскага, якому і прыйшлі пакланіцца» (гл. Мц 2, 2), сведчыць аб тым, што яны належалі да ўсходніх мудрацоў, якія займаліся астранамічнымі назіраннямі.

Традыцыйна ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана асвячаецца крэйда, якой робім надпіс на ўваходных дзвярах дома літар С+М+В, а таксама даты бягучага года. Аднак, ці ведаем мы, што азначае такое скарачэнне? Адказ на гэтае пытанне даволі няпросты.

Падобна, што тры літары, якімі мы пазначаем дзверы нашых дамоў 6 студзеня, зусім не з’яўляюцца ініцыяламі, як многія лічаць, трох каралёў (Caspar, Melchior, Baltasar). На самым пачатку традыцыі гэта быў скарочаны запіс лацінскага пажадання: Christus mansionem benedicat – Няхай Хрыстус благаславіць жыллё! Аднак, як гэта ні дзіўна, і першая, і другая інтэрпрэтацыі не пярэчаць адна адной. Па-першае, пазначэнне іменем Хрыста ўваходу ў дом нагадвае пра ноч вызвалення Божага люду ад егіпецкай няволі, калі людзі пазначалі свае дамы крывёю пасхальнага ягняці. Па-другое, пішучы літары С+М+В, мы прыгадваем імёны першых паганаў, якія пакланіліся Хрысту, і тым самым сведчым пра сваю прыналежнасць да супольнасці людзей, гатовых праслаўляць Хрыста. Такім чынам, два цалкам розныя тлумачэнні сэнсу трох літараў практычна маюць аднолькавыя духоўныя высновы.

Заўважым, што рэлігійны знак пазначэння дзвярэй надпісам С+М+В выконвае яшчэ адну цудоўную функцыю. Ён нагадвае і жыхарам дома, і гасцям, што ў гэтым доме рэлігія мае сваё сямейнае вымярэнне, але яна – не толькі прыватная справа членаў дадзенай сям’і. Вядома, што сям’я, пабудаваная на падмурку хрысціянскага сакрамэнтальнага сужэнства, павінна быць хатнім Касцёлам. Такая сям’я можа рэалізаваць тры функцыі святыні: быць месцам сапраўднай прысутнасці Бога паміж людзьмі, месцам складання Богу ахвяраў праўдзівай любові, а таксама месцам сведчання пра Бога і Ягоную любоў, якая пануе паміж членамі сям’і, і ў іх стасунках з бліжнімі, з кожным Божым стварэннем.

Паводле Ave Maria №12-1(103-104) 2003-2004, Ave Maria №1(129) 2006
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by