Арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, якой Пантыфік даверыў арганізацыю юбілею, падчас размовы з Vatican News, прысвечанай Святому 2025 году, звярнуў увагу на тое, што святыя гады часта пераплятаюцца з гістарычнымі абставінамі. Юбілей у 1950 годзе, па волі Пія XII, павінен быў аднавіць атмасферу даверу пасля Другой сусветнай вайны, у той час як Павел VI задумаў юбілей у 1975 годзе як час унутрыкасцёльнага адзінства пасля напружанасці паслясаборнага перыяду. У сваю чаргу, юбілей у 2000 годзе азнаменаваў уваход Касцёла ў трэцяе тысячагоддзе яго гісторыі. Сёння Францішак хоча, каб мы глядзелі ў будучыню пасля “месяцаў слабасці і страху, падчас якіх мы сутыкнуліся з нявызначанасцю і, на жаль, таксама са смерцю”, - адзначыў арцыбіскуп Фізікела.
Гаворачы аб характары юбілейных гадоў, ён звярнуў увагу на іх біблейскі змест: гэта час навяртання і адпачынку, які прыходзіць кожныя 25 гадоў, калі чалавек уступае ў больш глыбокія адносіны з Богам, самім сабой і стварэннем. Гэта час “абнаўлення нашага жыцця, магчымасць пасеяць тое, што дазволіць нам вярнуць давер і аднавіць чалавечыя адносіны”.
Іерарх падкрэсліў, што юбілей звязаны з пілігрымкай. Часта гэта цягне за сабой кантакт чалавека з прыродай, якая яго акружае. “Гісторыя пілігрымак вучыць нас, што гэта заўсёды момант вялікай духоўнай сілы, бо падчас вандравання чалавек глыбока паглыбляецца ў сябе”, - адзначыў старшыня Папскай рады. У канцы пілігрымкі трэба прыйсці да Святых дзвярэй, каб пераступіць іх парог. Гэты жэст выражае “самы глыбокі сэнс” юбілею.