Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
8 снежня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень, калі праслаўляем таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, якая Божаю ласкаю была захавана ад першароднага граху, кожны католік мае абавязак прыняць удзел у святой Імшы.
8 снежня 1854 г. папам Піем IX у Апостальскім лісце (буле) Ineffabilis Deus («Невымоўны Бог»)  быў абвешчаны дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, які кажа, што Марыя, была зачата сваімі бацькамі Яўхімам і Ганнай, як і ўсе іншыя людзі, але, ад самага свайго з’яўлення ва ўлонні маці не была пазначана першародным грахом. Яна, дзякуючы асаблівай Божай ласцы, не ўнаследавала грахоўнай спадчыны Адама і Евы, а была цудоўным чынам адкуплена яшчэ перад зачаццем, у прадбачанне заслуг свайго Сына. У гэтым сутнасць дагмату.

Акрамя таго, ён падкрэслівае важную ролю Панны Марыі ў гісторыі збаўлення чалавецтва. Дагмат тлумачыць значэнне біблійных словаў з кнігі Быцця, скіраваных да сатаны: “і пакладу варожасць паміж табой і жанчынай, паміж семем тваім і яе; яно будзе паражаць цябе ў галаву” (Быц 3,15). Паводле каталіцкага навучання – гэта прароцтва аб Марыі, якая знаходзіцца ў стане варожасці са злым, бо з’яўляецца свабоднай ад граху.

Трэба адзначыць, што аб беззаганнай прыродзе Панны Марыі вядома з вельмі старажытных крыніц і ад вельмі паважаных, як на Усходзе так і на Захадзе, аўтараў. Тэалагічнае абгрунтаванне Беззаганнага Зачацця пачалося ў эпоху сярэдневечча.

У 1484 г. Папа Сікст IV устанавіў у Рыме адпаведнае літургічнае свята і забараніў узаемныя абвінавачванні ў ерасі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі веры ў Беззаганнае Зачацце. У 1617 г. папа Павел V забараніў публічна абвяргаць гэту праўду, а Аляксандр VII выдаў булу, у якой абвясціў аб важнасці шанавання Беззаганнага Зачацця, хоць і не надаў гэтай таямніцы дагматычнага характару.

Беззаганнае Зачацце Панны Марыі стала дагматам толькі ў 1854 г. Тагачасны папа Пій ІХ склікаў спецыяльную камісію кардыналаў і біскупаў і прапанаваў абвясціць Беззаганнае Зачацце дагматам. У адказ Пантыфік сустрэў вялікую адкрытасць і адзінадушную падтрымку з боку сваіх паплечнікаў: толькі чатыры іерархі выказалі сумненні адносна гэтага пытання. 8 снежня 1854 г. Пій ІХ выдаў энцыкліку “Ineffabilis Deus”, у якой Беззаганнае Зачацце Панны Марыі было абвешчана дагматам. Такім чынам навучанне Каталіцкага Касцёла абагацілася новаўвядзеннем, якое мела вельмі старажытныя карані.

Цікава, што праз некалькі гадоў, у 1858 г., Маці Божая аб’явілася ў французскім мястэчку Лурд беднай і неадукаванай дзяўчынцы Бернадэце Субіру. На пытанне дзяўчынкі “Як тваё імя?”, Панна Марыя адказала “Я – Беззаганнае Зачацце”. Гэта было боскім падцвярджэннем правільнасці прыняцця дагмату.

Паводле Ватыканскага радыё
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by